Вяскоўцы паступалі на бюджет, маючы на 100 балаў менш за гарадскіх

Па новых правілах паступлення, раздзельнага конкурсу для абітурыентаў з вёскі і горада больш не будзе.

“Было прынятае рашэнне гэты конкурс адмяніць. У апошнія два гады па 50% спецыяльнасцяў гэты бал зраўняўся. у БДУ ў апошні год на больш чым 50 % спецыяльнасцяў гэты конкурс не адбыўся, паколькі сельскія абітурыенты паказалі больш высокі ўзровень ведаў", — перадае БелаПАН словы намесніка міністра адукацыі Аляксандра Жука.

Разбіраемся, хто ж сёлета не патрапіць ва ўніверсітэт.

Летась на “міжнародны турызм” факультэта міжнародных адносін можна было набраць 297 балаў з 400 і прайсці, калі ты з вёскі. Гарадскім жа трэба было мець 373 балы па трох тэстах і атэстаце.

“Па сельскім конкурсе паступалі адзін-два чалавекі. Гэта пару месцаў усяго. Адлічэнняў не было, гэта падрыхтаваныя людзі”, — расказваюць Еўрарадыё на факультэце міжнародных адносінаў.

Толькі гэтыя “падрыхтаваныя людзі” ў гэтым годзе могуць не паступіць.

На механніка-матэматычным факультэце БДУ розніца "гарадскія супраць сельскіх" у 50 балаў. Але асобны конкурс толькі на матэматыкаў-педагогаў. З вёскі сюды паступілі 4 чалавекі.

Набраць на 40 балаў менш за гарадскіх і паступіць маглі летась абітурыенты Тэхналагічнага ўніверсітэта, каб вывучаць “інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі”. Гарадскім трэба было мець 213 балаў з трох тэстаў і школьнага атэстата.

“Гэта толькі на гэтай спецыяльнасці і толькі ў тым годзе, бо быў павялічаны бюджэтны набор. У працэсе навучання яны не адрозніваюцца, у нас платнікі з больш нізкімі адзнакамі, і ніхто іх не дзеліць. Для нас лепш, што раздзельны конкурс адмянілі, прасцей кампанію праводзіць”, — тлумачаць Еўрарадыё ў БДТУ.

101 бал — розніца паміж гарадскім і сельскім конкурсам на правазнаўстве ў Магілёўскі ўніверсітэт імя Куляшова летась! Гэта больш, чым можна набраць на адным тэставанні.

“З вёскі паступала прыкладна палова. Яны пасля выраўноўваюцца бліжэй да Новага года”, — аналізуюць у гэтай ВНУ.

Затое ва Універсітэце культуры і мастацтваў здзіўляюць: на “мэнэнжмент міжнародных культурных сувязяў” прыйшлі больш таленавітыя студэнты менавіта з вёскі. Каб прайсці на турагента, ім трэба было набраць 302 балы, а гарадскім толькі 273.

“Па спецыяльнасцям можна знайсці такую розніцу, але па агульнай статыстыцы карціна іншая. Напрыклад, у БДУ з 3 тысяч першакурснікаў 60% паступалі па агульным конкурсе”, — падлічваюць у Міністэрстве адукацыі.

Пра адмену раздзельнага конкурсу ў Мінадукацыі гаварылі яшчэ з 2011 году. Бо ўжо тады, напрыклад, у БДУ па розных прахадных балах паступалі толькі па 24 спецыяльнасцях з 52.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі