Вы тут

Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Аляксею Міхаленю

Фота: Fotolia

Вярхоўны суд пакінуў у сіле смяротны прысуд Аляксею Міхаленю. Гомельскі абласны суд у сакавіку прызнаў яго вінаватым у забойстве двух чалавек, якое было ўчынена з асаблівай жорсткасцю (да таго ж асобай, якая раней здзяйсняла забойства). Міхаленю была прызначаная выключная мера пакарання — расстрэл. Як інфармуе прэс-служба Вярхоўнага суда, разгляд апеляцыйнай скаргі адбыўся 30 чэрвеня і яна была пакінутая без задавальнення. Такім чынам прысуд набыў законную сілу. Цяпер 32-гадовы жыхар Нароўлі можа спадзявацца толькі на памілаванне Аляксандра Лукашэнкі.

Як вядома, Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, у якой існуе смяротнае пакаранне. Міжнародная праваабарончыя арганізацыі, еўрапейскія структуры неаднаразова заклікалі беларускія ўлады ўвесці на яго мараторый ці ўвогуле адмяніць. Радыё Свабода нагадвае, што праваабаронцы збіраюцца азнаёміць удзельнікаў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая 5-6 ліпеня пройдзе ў Мінску, з сітуацыяй адносна смяротнага пакарання ў нашай краіне. Раней парламентары з еўрапейскіх краін прапаноўвалі прыняць падчас сесіі рэзалюцыю па Беларусі. Адным з патрабаванняў мусіла стаць увядзенне мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання.