Вы тут

Вялікдзень у часе пандэміі: рэкамендацыі беларускіх каталікоў і праваслаўных

Калі чалавек пачувае сябе дрэнна, ісці да храма не трэба / Еўрарадыё

Сёлета каталіцкі і праваслаўны Вялікдзень аддзяляе тыдзень: каталікі святкуюць 12 красавіка, праваслаўныя — 19-га. Якое надвор'е будзе на праваслаўны Вялікдзень, сіноптыкі пакуль не загадваюць, а вось у наступную нядзелю дожджык калі і будзе, то невялікі і бліжэй да вечара.

Між тым у Беларусі раскручваецца захворванне на каранавірусную інфекцыю. Па досведзе іншых краін, масавыя мерапрыемствы — адзін з самых распаўсюджаных спосабаў заражэння. Што каталіцкая і праваслаўная цэрквы робяць для таго, каб зберагчы вернікаў ад COVID-19?

— Кожны каталік павінен кожную нядзелю, кожнае абавязковае свята прымаць удзел у Святой Імшы. Той, хто не робіць гэтага, той здзяйсняе грэх, — расказвае кіраўнік каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. — Але ў сённяшняй сітуацыі, калі чалавек пачувае сябе дрэнна, напрыклад чхае, у яго цячэ з носа, — ён можа не хадзіць у касцёл, у яго няма граху. Гэты чалавек атрымлівае dispensa — спецыяльны дазвол. Акрамя таго, і пажылыя людзі, і тыя, хто даглядае хворых дзяцей, нават тыя, у каго ёсць страх заразіцца пры наведванні касцёла, — усе атрымалі такі дазвол.

7 красавіка Кандрусевіч сабраў журналістаў у мінскім касцёле Святых Сымона і Алены, каб абмеркаваць святкаванне Вялікадня. Мітрапаліт ўсхваляваны апошнімі падзеямі. Ён кажа, што выкананне мер бяспекі — не грэх.

Аб'ява на калоне касцёла / Еўрарадыё

Нягледзячы на заклік дактароў заставацца дома, у Вербную нядзелю каля касцёлаў сабралася нямала людзей. На пытанне Еўрарадыё, ці збярэцца столькі ж вернікаў разам на Вялікдзень, Тадэвуш Кандрусевіч адказвае, што не можа забараніць людзям сустракаць свята так, як яны хочуць.

— Наколькі я мог бачыць па фатаграфіях, перад Чырвоным касцёлам было шмат людзей. З аднаго боку, прыемна, што людзі ідуць, што яны цягнуцца да Бога. З другога боку, людзі чытаюць інфармацыю ў інтэрнэце, чытаюць, што адбываецца. Маска стала нібы сімвалам нашага часу, у саборным касцёле ў Вербную нядзелю я бачыў, што 25-30% людзей былі ў масках. Яны робяць свой уласны выбар, я не магу ім сказаць: "Не ідзіце". Я заклікаю іх — паглядзіце на стан свайго здароўя, захоўвайце так званую сацыяльную дыстанцыю.

Па словах Кандрусевіча, з 13 сакавіка ў касцёлах апусцелі латкі з асвячонай вадой, куды вернікі, якія ўваходзяць у храм, апускаюць пальцы. Каталіцкая царква просіць людзей не цалаваць крыж — ушанаваць яго можна ўкленчыўшы і зрабіўшы глыбокі паклон.

Унутры касцёла вернікі захоўваюць дыстанцыю / Еўрарадыё

А якія рэкамендацыі дасць сваім вернікам Беларуская праваслаўная царква?
На пытанні Еўрарадыё пра гэта пагадзіўся адказаць протаіерэй Сяргей Лепін, прэс-сакратар Беларускага экзархата.

— Велікодныя мерапрыемствы будзем праводзіць паводле богаслужбовага раскладу з улікам дадатковых прафілактычных мер. Гэта дадатковыя меры па дэзынфекцыі, стэрылізацыя, праветрыванне, — расказвае айцец Сяргей. — Таксама мы плануем арганізаваць дадатковыя трансляцыі богаслужэнняў Страснога тыдня і Вербнай нядзелі для тых, хто застаўся дома. Гэта будзе арганізавана па тэлебачанні, на канале "Культура" і на Першым канале.

— У храмы вы рэкамендуеце не прыходзіць?

— Мы не заклікаем людзей адмовіцца ад наведвання храмаў. Але мы заклікаем устрымацца ад наведвання храмаў хворых людзей.

— Але ж чалавек можа прыйсці заражаным і пра гэта не ведаць!
— На гэтым, у прынцыпе, пабудавана ўсё наша жыццё.

— Як вы парэкамендуеце сустрэць Вялікдзень усім вернікам?
— З верай, з надзеяй, з любоўю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.