Вы тут

Вялікабрытанія пасля выхаду з ЕС захавае санкцыі супраць Беларусі

Reuters

У сувязі з выхадам з Еўрасаюза Вялікабрытанія захощвае санкцыі супраць Беларусі. Паведамленне пра гэта з'явілася на сайце ўрада краіны.

У брытанскім урадзе нагадалі, што ЕС неаднаразова прымяняў санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі. 

Урад Вялікабрытаніі адзначае, што санкцыі ўведзеныя для таго, каб заахвоціць улады Беларусі:

паважаць дэмакратычныя прынцыпы і інстытуты, а таксама падзел уладаў і вяршэнства закона ў Беларусі;

устрымлівацца ад дзеянняў, якія душаць грамадзянскую супольнасць у Беларусі;

належным чынам расследаваць і пачаць крымінальную справу супраць асоб, адказных за знікненні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Дзмітрыя Завадскага;

выконваць міжнароднае права ў дачыненні да правоў чалавека і паважаць правы чалавека.

Нагадаем, што з усіх санкцыяў, якія ўводзіў ЕС, на цяперашні момант дзейнічае толькі збройнае эмбарга (забарона на продаж Беларусі зброі і сродкаў, якія могуць выкарыстоўвацца для ўнутраных рэпрэсіяў), а таксама персанальныя санкцыі супраць чатырох чалавек. Гэта людзі, якіх падазраюць у датычнасці да знікненняў апазіцыйных палітыкаў у 1999-2000 гадах: экс-міністры ўнутраных спраў Уладзімір Навумаў і Юрый Сівакоў, экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Віктар Шэйман і камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка. Ім забаронены ўезд у ЕС, а іх актывы на тэрыторыі Еўрасаюза замарожаныя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.