Вы тут

Вялікабрытанія: Крэмль плануе "пасадзіць" у Кіеве прарасійскага лідара

Яўген Мураеў / liga.net

МЗС Вялікабрытаніі выступіла з заявай, у якой гаворыцца, што Расія рыхтуе змову, каб устанавіць ва Украіне прарасійскае кіраўніцтва. Патэнцыйны кандыдат ㅡ былы нардэп Украіны Яўген Мураеў.

Мураеў ㅡ былы кіраўнік Зміеўскай раённай адміністрацыі Харкаўскай вобласці, уладальнік прарасійскага тэлеканала "НАШ", экс-уладальнік тэлеканала NewsOne. Вядомы сваёй прарасійскай пазіцыяй і тым, што ў ліпені 2021 года назваў Аляксандра Лукашэнку "лепшым прэзідэнтам на постсавецкай прасторы".

Інфармацыю брытанскага МЗС пацвердзіла і разведка ЗША.

"Так, мы бачылі разведдадзеныя аб тым, што Расія шукае спосабы звесці да мінімуму вайну, што цяпер вядзецца. Гэта ўключае такія рэчы, як устанаўленне дружалюбнага ўрада і выкарыстанне сваіх шпіёнскіх агенцтваў для распальвання іншадумства", — кажа крыніца CNN.

У Вялікабрытаніі таксама заяўляюць аб тым, што многія былыя ўкраінскія палітыкі падтрымліваюць сувязі з расийскімі спецслужбамі. У прыватнасці, гэта Сяргей Арбузаў, Андрэй Клюеў, Уладзімір Сіўковіч, Мікалай Азараў ㅡ усе яны займалі высокія пасады пры прэзідэнце Януковічы. Прычым, сцвярджае МЗС Вялікабрытаніі, некаторыя з іх маюць кантакты з афіцэрамі расійскай разведкі, якія на дадзены момант маюць дачыненне да планавання нападу на Украіну.

Міністр замежных спраў Ліз Трас заявіла, што гэтая інфармацыя "пралівае святло на маштабы расійскай дзейнасці, накіраванай на падрыў Украіны, і дае магчымасць зразумець мысленне Крамля".

МЗС Расіі назваў заявы Лондана "дэзінфармацыяй" і сведчаннем таго, "што менавіта краіны НАТА на чале з англасаксамі займаюцца эскалацыяй напружанасці вакол Украіны". А Мураеў у сваім каментары нагадаў, што з 2018 года знаходзіцца ў расійскім санкцыйным спісе з-за канфлікту з Мядзведчуком. Маўляў, які прарасійскі лідар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.