Вядомага фермера і дэпутата сельсавета падазраюць у згвалтаванні малалетняй

Адзін з самых паспяховых фермераў Лідчыны трапіў у непрыемную гісторыю: яго затрымалі па падазрэнні ў сексуальных сувязях з 12-гадовай дачкой адной са сваіх супрацоўніц. У Ходараўскім сельсавеце Еўрарадыё кажуць, што пра Васіля Ф. (імя змененае, — Еўрарадыё) могуць расказаць толькі добрыя рэчы:

“Ён вельмі харошы чалавек, вельмі добразычлівы. У яго актыўная жыццёвая пазіцыя. Мы тут у шоку ўсе ад таго, што адбываецца. Пакуль следства ідзе. Яно высветліць: вінаваты, ці невінаваты. Але чалавек ён вельмі добры”.

Мужчыне 52 гады. Фермерствам на Лідчыне займаецца ўжо больш за 10 гадоў. Канфліктаў не мае ні з мясцовымі ўладамі, ні з людзьмі. Шмат разоў станавіўся дэпутатам сельсавета, пастаянна дапамагаў вырашаць праблемы: то асфальт пакласці, то гароды разараць:

“Заўсёды падтрымліваў людзей. У нас з ім ніякіх праблем не было. Дапамагаў у апрацоўцы прысядзібных участкаў, дарогі расчысціць. Усе пытанні дапамагаў вырашыць… Ён у нас ужо не першы раз дэпутатам сельскага савета выбіраецца. У гэтым годзе зноў дапамагаў — падсыпка дарогі, асфальт паклалі”.

Рабочых для сваёй гаспадаркі фермер збіраў не толькі з навакольных вёсак — прывозіў нават за 50 кіламетраў. Для гэтага набыў вялікі аўтобус на 40 месцаў. Згодна з паведамленнем следства, у сувязях з малалетняй дачкой адной з такіх наёмных супрацоўніц фермера цяпер і падазраюць. Маўляў, яна нават атрымлівала грошы за тое, што адпускала ў лес сваю 12-гадовую дачку са сваім начальнікам.

Пры гэтым, як гавораць у сельсавеце, у падазраванага “усё як у людзей, ёсць жонка і дзеці”. Дарэчы, гаспадарку ён вядзе разам з жонкай і дарослай дачкой.

“Ён вядомы і за мяжой. У гэтым годзе ў Галандыі быў. У мінулым годзе тут семінар арганізоўваў. Займаўся не толькі фермерствам, сядзібу для агратурызму пабудаваў. З жонкай разам пабудавалі. Вельмі прыгожа там зроблена ў іх. Усё як трэба ў яго. Жонка, дзеці”.

Пра затрыманую з фермерам жанчыну у сельсавеце размаўляць не хочуць. Маўляў, тут усе адзін аднаго ведаюць, усё можа здарыцца. У прыватнае жыццё лепш не лезці:

“Пра жанчыну, якую разам з ім затрымалі, я вам нічога не скажу. Тут ведаеце, прыватнае жыццё… Яна не з нашага сельскага савета. А я не ведаю, што будзе, калі выйду з працы, пайду дадому… Жонка яго з вамі размаўляць не будзе. Дачка таксама. Яны з жонкай і дачкой гаспадарку вядуць”.

Паведамленне следчых:

"Следствам устаноўлена, што з чэрвеня па снежань 2014 года раней асуджаная жыхарка Лідскага раёна 1980 года нараджэння выкарыстоўвала для заняцця прастытуцыяй сваю малалетнюю дачку 2002 нараджэння, падаючы яе за грашовую ўзнагароду жыхару суседняй вёскі 1963 года нараджэння, які ўступаў з дзяўчынкай у палавыя зносіны і здзяйсняў іншыя дзеянні сексуальнага характару… Падчас аглядаў месцаў здарэння і вобшуку следчыя выявілі і канфіскавалі выкрываючыя падазраваных доказы. Прызначаны шэраг экспертыз, у прыватнасці, судова-медыцынская… Дзяўчынка змешчаная ў медыцынскую ўстанову, дзе знаходзіцца пад наглядам лекараў і псіхолагаў".

Распачатыя дзве крымінальныя справы. Фермеру пагражае ад 8 да 15 гадоў турмы, а шматдзетнай маці дзяўчынкі — ад 7 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі