Вы тут

Вячорка: у дакладзе ICAO не называюцца адказныя за пасадку самалёта Ryanair

Самалёт кампаніі Ryanair / Reuters

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, у эфіры расійскай радыёстанцыі "Эхо Москвы" пракаментаваў навіну пра разасланую Міжнароднай арганізацыяй грамадзянскай авіяцыі (ICAO) краінам-удзельніцам справаздачу па пасадцы ў траўні 2021-га ў Беларусі пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню.

"Я бачыў даклад, і што там пералічваецца, якія там рэкамендацыі, — кажа Вячорка. — Там ні на каго не ўскладаецца адказнасць. Там пералік фактаў, храналогія падзей... На жаль, там не гаворыцца, хто адказны і хто вінаваты".

Нарада, на якой будуць разгледжаны вынікі расследавання, прызначана ICAO на 31 студзеня. І на ёй мусяць прыняць "рэальнае рашэнне", адзначае дарадца Ціханоўскай. Ён нагадвае, што ICAO — гэта "тэхнічная арганізацыя, дзе працуюць эксперты ў галіне грамадзянскай авіяцыі, і яны ніколі не даюць палітычных ацэнак". А сітуацыя з пасадкай у Беларусі самалёта для іх прэцэдэнт.
 
"Будзем чакаць, што гэты даклад будзе пачаткам большага расследавання, якое і вызначыць — хто загадаў, навошта, хто вінаваты,працягвае Франак Вячорка. — Паколькі гэта ААН [ICAO — спецыялізаваная ўстанова Арганізацыі Аб'яднаных Нацый], то пытанне гэта будзе узнята ў Савеце бяспекі ААН".

23 траўня 2021-га пасля пасадкі ў мінскім аэрапорце пасажырскага самалёта Ryanair, які ляцеў з Грэцыі ў Літву, беларускія сілавікі затрымалі журналіста Рамана Пратасевіча і яго спадарожніцу Сафію Сапега. Яны дагэтуль пад вартай у Беларусі, прызнаныя палітзняволенымі, Сапега ўжо чакае суда. Сітуацыя з самалётам стала падставай для увядзення санкцый супраць уладаў Беларусі. Еўрасаюз забараніў сваім авіякампаніям выкарыстоўваць паветраную прастору нашай краіны і ўвёў забарону на палёты беларускіх авіякампаній. Такое ж рашэнне неўзабаве прыняла і Украіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.