Вы тут

Сафію Сапега будуць судзіць у Гродзенскім абласным судзе

Сафія Сапега / сацсеткі

Крымінальную справу расіянкі Сафіі Сапега будзе разглядаць Гродзенскі абласны суд, перадае БЕЛТА. Дата разгляду яшчэ не прызначаная.

Дзяўыну вінавацяць у адміністраванні Тэлеграм-каналаў, дзейнасць якіх "была накіраваная на дыскрэдытацыю дзейнай улады Беларусі і яе праваахоўнага блока, распальванне сацыяльнай варожасці, варажнечы, а таксама арганізацыю злачынстваў у дачыненні да асобных катэгорый грамадзян".

У якасці "сродкаў злачынства" пракуратура называе "мабільны тэлефон iPhone 12 Pro Max, ноўтбук Apple Macbook Air, іншую камп'ютарную тэхніку".

Падчас папярэдняга расследавання дзяўчына заключыла дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. Цяпер яна знаходзіцца пад хатнім арыштам.

Сафію Сапега затрымалі ў траўні разам з Раманам Пратасевічам. Іх знялі з борта самалёта кампаніі Ryanair, які прымусова пасадзілі ў Беларусі. Пасадка самалёта і захоп Пратасевіча і Сапега сталі нагодай для чарговага пакета санкцый ЕС супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.