Вы тут

Улада "Слугі народа": самая маштабная змена палітычных эліт ва Украіне

Еўрарадыё

Цэнтральная выбарчая камісія падлічыла 100 % пратаколаў, паведамляе "Грамадскае". Цяпер вядомы канчатковыя вынікі парламенцкіх выбараў ва Украіне: 

"Слуга народа" — 43,16 %, разам 254 мандаты;

"За жыццё" — 13,05 %, разам 43 мандаты;

"Бацькаўшчына" — 8,18 %, разам 26 мандатаў;

"Еўрапейская салідарнасць" — 8,10 %, разам 25 мандатаў;

"Голас" — 5,82 %, разам 20 мандатаў;

іншыя партыі — 10 мандатаў;

самавылучэнцы — 46 мандатаў;

Таксама ў Радзе будзе 26 вольных месцаў. На гэтыя месцы не маглі быць абраныя дэпутаты на акупаваных тэрыторыях.

"Слуга народа" атрымала па-сапраўднаму разгромную перамогу, прычым ва ўсіх рэгіёнах Украіны — на ўсходзе, захадзе, у цэнтры і на поўдні. Толькі ў трох абласцях перамаглі іншыя партыі: у Львоўскай ("Голас"), Данецкай і Луганскай (прарасійская "За жыццё").

 

Змена эліт

Грамадскі запыт на новыя твары ў палітыцы Украіны выкананы — гэта самая маштабная змена эліт за ўвесь час існавання незалежнай Украіны. Склад Вярхоўнай Рады абновіцца на тры чвэрці. Дзве партыі, якія ўвайшлі ў Раду, — "Слуга народа" і "Голас" — не бралі да сябе былых народных дэпутатаў. Ды і галоўныя прадстаўнікі гэтых партый — шоўмен і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і музыкант і лідар партыі "Голас" Святаслаў Вакарчук — увасабляюць ідэю змены старых палітычных эліт на новыя твары.

Парламент абновіцца не толькі колькасна, але і якасна. У Радзе не будзе большасці ўплывовых дэпутатаў мінулых скліканняў, якія за гады "пад купалам" сфарміравалі свае групы ўплыву, што выкарыстоўваліся для капіталізацыі ўласнага бізнесу, пабудовы "схем" у эканоміцы і вырашэння іншых "пытанняў". Замест іх у Раду прыйшлі новыя палітыкі, бізнесмены і эканамісты, а таксама спевакі, спартсмены, журналісты і шоўмены.

Украінскі музыка і лідар партыі "Голас" Святаслаў Вакарчук пазіруе для фатаграфіі на выбарчым участку падчас парламенцкіх выбараў у Кіеве / Reuters

Уся ўлада ў "Слугі народа"

"Слуга народа" атрымала манабольшасць — то-бок больш за палову мандатаў. Гэта значыць, што з 254 дэпутатамі ў Радзе партыі Зяленскага не трэба ствараць ні з кім кааліцыю. "Слуга" можа сама фарміраваць склад Кабінета Міністраў, прымаць большасць законаў, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага Суда, дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў у конкурсныя камісіі па адборы кіраўнікоў Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро або Нацагенцтва па папярэджанні карупцыі.

Пры наяўнай вертыкалі "прэзідэнт — кааліцыя — урад" усе рашэнні ў краіне будуць прымацца прадстаўнікамі "Слугі народа". Адзінае выключэнне — гэта змены ў Канстытуцыю.

Каб прыняць законапраекты са зменамі ў Канстытуцыю, неабходна канстытуцыйная большасць — "за" павінны прагаласаваць 300 або больш дэпутатаў. "Слугу народа" спатрэбіцца аб'ядноўвацца з іншымі партыямі, каб выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні, у прыватнасці адмяніць недатыкальнасць народных дэпутатаў і ўвесці механізм народнага вета на толькі што прынятыя законы. Уносіць змены ў Канстытуцыю таксама неабходна і для працягу рэформы дэцэнтралізацыі і стварэння міравых судоў.

Для канстытуцыйнай большасці "Слуга народа", магчыма, аб'яднаецца з "Голасам". Пра гатоўнасць аб'яднання з партыяй Вакарчука заявіў Зяленскі пасля абвяшчэння вынікаў экзіт-полаў.

"Бацькаўшчына" — таксама магчымы варыянт для аб'яднання. Афіцыйных паведамленняў пра жаданне аб'яднацца з партыяй Цімашэнка ад прадстаўнікоў "Слугі народа" не было, але ў штабе такі варыянт лічаць цалкам магчымым.

 

Калі запрацуе новая ўлада?

Першае пасяджэнне Вярхоўнай Рады павінна адбыцца на працягу 30 дзён пасля афіцыйнага абвяшчэння вынікаў выбараў — гэта значыць да 9 верасня 2019 года. На першым пасяджэнні новай Рады дэпутаты прымуць прысягу і атрымаюць свае паўнамоцтвы і дэпутацкую недатыкальнасць, а парламентарыі папярэдняга склікання афіцыйна перастануць быць дэпутатамі.

Пасля гэтага ў дэпутатаў ёсць месяц на перамовы аб фарміраванні кааліцыі, гэта значыць да 9 кастрычніка. Праўда, з кааліцыйнай большасцю «Слугі народа» ў перамовах няма асаблівай неабходнасці.

Хутчэй за ўсё, усё здарыцца нашмат раней. Прэзідэнт Зяленскі і прадстаўнікі "Слугі народа" заяўлялі, што плануюць правесці першае пасяджэнне Рады ўжо на Дзень Незалежнасці — 24 жніўня.

Святлана Казлова, "Медыясетка", паводле матэрыялаў "Грамадскага"