Вінцук Вячорка патрабуе сустрэчы з генпракурорам

Намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка будзе дабівацца сустрэчы з генпракурорам. Пра гэта ён паведаміў у размове з Еўрарадыё. Нагадаем, сёння ўдзень яго сына Франака сілай даставілі ў радыётэхнічную вайсковую частку ў Баранавічах. Лідэра моладзевага крыла БНФ схапілі невядомыя ў цывільным і адвезлі ў частку, мінучы прызыўны пункт.

Вінцук Вячорка: “Я быў у ваенкамаце, я быў на гарадскім зборным пункце. Яго там не было. Яго наўпрост завезлі спецслужбы ў Баранавічы”.

Тэлефон Франака адключаны. Пра тое, што яго даставілі ў Баранавічы Вінцук Вячорка даведаўся ў ваенкамаце.

Вінцук Вячорка: “Тое, што ён у Баранавічах, я кажу на падставе заявы, зробленай ваенкомам Загорскім, гэта Савецкі раён, і такім Іваноўскім з гарадскога ваенкамату”.

Цяпер Вінцук Вячорка мае намер сустрэцца з генпракурорам і запатрабаваць спыніць супрацьпраўны пераслед сына.

Вінцук Вячорка: “Ён меў законныя прыпыненні ўсіх мерапрыемстваў прызыву пасля таго, як абскардзіў у судзе рашэнне аб прызыве, якое само па сабе было незаконным. Нягледзячы на тое, што спецслужбы. Нягледзячы на тое, што спецслужбы сфальшавалі суд у мінулую пятніцу, усё адно ён меў, прынамсі, 10 дзён адтэрміноўкі да ўступлення таго рашэння ў законную сілу. Мала таго ён збіраўся яго абскарджваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі