Віктар Юшчанка распарадзіўся адсвяткаваць угодкі УПА

Прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка даў распараджэнне адсвяткаваць угодкі стварэння Украінскай Паўстанчай Арміі (УПА). Пра гэта паведамляе прэс-служба Юшчанкі.  Прэзідэнт даручыў Савету міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым,
абласным, Кіеўскай і Севастопальскай гарадскім дзяржадміністрацыям
распрацаваць пры ўдзеле грамадскасці мерапрыемствы святкавання 14
кастрычніка 2007 года 65-й гадавіны стварэння УПА.

Таксама Віктар
Юшчанка распарадзіўся прыняць захады па паляпшэнню сацыяльна-бытавога і
медычнага абслугоўвання былых удзельнікаў УПА.

Нагадаем, першы аддзел Украінскай Паўстанчай Арміі быў створаны
Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (бандэраўскім яе крылом) на
Палессі ў 1942 годзе. УПА ваявала супраць нямецкіх акупантаў, а пасля –
супраць савецкіх аж да пачатку 1950-х гадоў.

У верасні сёлета ў Кіеве
на 95-м годзе жыцця памёр апошні камандзір УПА генерал Васіль Кук.
Цікава, што першыя аддзелы УПА на Палессі яшчэ вясной 1942 года стварыў
украінскі дзеяч атаман Бульба-Баравец, аднак да канца 1943-га яны былі
падначаленыя бандэраўцамі.