Віктар Марціновіч: Выгнаць мяне з літаратуры немагчыма. Я ўсё адно буду пісаць

Віктар Марціновіч: Выгнаць мяне з літаратуры немагчыма. Я ўсё адно буду пісаць

Віктар Марціновіч прэзентаваў свой новы раман “Возера радасці”, дакладней, яго пераклад на беларускую мову, зроблены Віталём Рыжковым. Арыгінал твора выйдзе ў Расіі ў канцы лета. З гэтай нагоды пісьменнік завітаў у студыю Еўрарадыё і распавёў, чаму піша на розных мовах, якая кніга была самай паспяховай, а якай самай шчырай, ці ўдаецца яму зарабляць на літаратуры і як ён ставіцца да негатыўных водгукаў крытыкаў.

Слухаць размову цалкам:

Віктар Марціновіч: Выгнаць мяне з літаратуры немагчыма. Я ўсё адно буду пісаць

20 самых цікавых цытат з размовы

 

— “Возера радасці” — вельмі шчыры тэкст. Я прыбраў усе фільтры, што стаялі паміж мной, як наратарам, і гэтым тэкстам.

 

— У сітуацыі постмадэрну падзелу культуры на высокую і нізкую ўжо няма. Квенцін Таранціна — гэта высокае ці нізкае мастацтва? Усё сваё жыццё я займаюся спробамі стварыць такія тэксты, якія адначасова былі б разумнымі, глыбокімі і артавымі, а з іншага боку яны былі б зразумелыя, глыбокія па-постмадэрноваму.

 

— Пра сябе я сціпленька кажу, што я постпостмадэрніст. Часы постмадэрну ўжо мінулі. Чыстыя постмадэрныя гульні а-ля Павіч або Эка таксама згубілі актуальнасць.

 

— На момант, калі твор ужо створаны і апублікаваны, усе меркаванні не маюць значэння. Яны могуць сапсаваць ці падняць настрой, але ж твор змяніць не здольныя.

 

— Беларуская літаратурная крытыка — гэта шмат у чым такі натоўп, які па нейкіх камандах вырашае некага таптаць, некага біць, а некага не чапаць і ўхваляць. Гэта ўсё не мае дачынення да якасці літаратуры. Таму прынцыпова тое, што пра цябе пішуць у Германіі, у Амерыцы.

 

— Выгнаць мяне з літаратуры немагчыма. Я ўсё адно буду гэтым займацца, буду пісаць.

 

— Мой кожны цотны раман, другі і чацвёрты, напісаны па-беларуску. Кожны няцотны, першы, трэці і пяты, напісаны па-руску. Так проста супала.

 

— Руская і беларуская мовы — гэта два інструменты, на якіх ты ствараеш тэксты. Мы жывем у сітуацыі дзвюхмоўнага чытача. І з гэтым чытачом варта размаўляць на дзвюх мовах.

 

— Буйныя расійскія выдаўцы зыходзяць з таго, што чытач цёмны і дурны. Я звычайна зыходжу з таго, што чытач, які ўзяў у рукі кнігу, ён ужо інтэлектуал. Проста таму, што ён узяў менавіта кнігу, а не комікс ці адкрыў інтэрнэт-старонку.

 

— Мая ўстаноўка, што мой чытач гэтак жа адукаваны, як і я, гэтак жа дасведчаны ў жывапісе і культуры, як я. Гэта чалавек, з якім я размаўляю на роўных.

 

— У беларускай мове я адзін, у рускай выглядаю неяк па іншаму.

 

— Віталь Рыжкоў, перакладчык кнігі на беларускую, ён, натуральна, сааўтар. Кніга “Возера радасці” больш напісаная ім, чым мной. Бо кніга складаецца не толькі з сюжэту, але і з мовы. І гэта мова Віталя, і яна цудоўная.

 

— Сціпльенька пражыць на мае пісьменніцкія прыбыткі ўжо можна.

 

— Сёння ёсць адчуванне прарыву, якога не было тры гады таму.

 

— Я заўсёды ў сябе не веру.

 

— У Расіі “Возера радасці” выйдзе як кніга пра Беларусь.

 

— Калі ты прагучаў з кнігай у Мінску, а пасля напісаў другі, трэці раман, — не факт, што гэты раман прыйдуць набываць праз тое, што спадабаўся твой першы твор. Еўрапейская аўдыторыя вельмі прыхільная. Выдаецца раман, пішуцца рэцэнзіі. І людзі, якія пісалі першыя рэцэнзіі, пачынаюць адсочваць твой лёс, тваю творчасць.

 

— Я не бачыў дагэтуль у Беларусі ніводнага літаратуразнаўчага артыкула, прысвечанага мне. Дзякуй богу, у Германіі такія артыкулы з’яўляюцца.

 

— Раман “Мова” па-беларуску прадаваўся вельмі добра, па-руску — вельмі слаба, з цяжкасцю прадалі 500 асобнікаў.

 

— У сваёй рэцэнзіі на “Возера радасці” Даша Кастэнка сфармулявала думку, якая трапна сумуе сутнасць гэтага рамана. Яна сказала, што тая генерацыя, якую мы прадстаўляем, — гэта генерацыя людзей, хворых на выхаваную бездапаможнасць. Мы ўсе прызвычаіліся да думкі, што мы нічога не можам зрабіць, таму што нас так выхавалі. Але ўсё ж гэты раман не пра роспач, а пра радасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі