Віктар Бабарыка заявіў адвод суду — безвынікова

Віктар Бабарыка / з архіву БЕЛТА​
Віктар Бабарыка / з архіву БЕЛТА​

Экс-старшыня "Белгазпрамбанка" Віктар Бабарыка заявіў адвод суду, паведамляе Sputnik Беларусь.

Агенцтва ўдакладняе, што Бабрыка пазбаўлены магчымасці звяртацца да суда з пісьмовымі заявамі. Два дні ён спрабаваў гэта зрабіць. І два дні суддзя Ігар Любавіцкі адмаўляў Бабарыку ў гэтай магчымасці.

Сваё рашэнне Любавіцкі матываваў тым, што суд вызначыў парадак допыту абвінавачаных. Згодна з гэтым парадкам Бабарыка не будзе даваць паказанні першым.

"Высокі суд прашу прабачэння, але ўсё-такі з улікам таго, што ў мяне цяпер няма магчымасці рэалізаваць сваё права зрабіць заяву, я лічу, што ў мяне ёсць падстава заявіць адвод суду", — заявіў на судзе ў аўторак Віктар Бабарыка.

Абарона падтрымала яго заяву, а таксама ўдакладніла, што экс-банкір хацеў паведаміць суду новыя абставіны па справе. Акрамя таго, адвакат Дзмітрый Лаеўскі адзначыў, што "абвінавачаны пазбаўлены права звярнуцца да суда да заявай, а адвакаты пазбаўленыя права звяртацца з хадайніцтвам".

На думку пракурора Сяргея Гіргеля, "пераканаўчых аргументаў для адводу суда няма". Астатнія абвінавачаныя пакінулі рашэнне па заяве Бабарыкі "на меркаванне суда".

Пасля перапынку і нарады суддзя Любавіцкі адхіліў заявы Бабарыкі аб адводзе суда. Пасяджэнне працягнулася, пачаўся допыт абвінавачаных.

Суд над топ-менеджарамі "Белгазпрамбанка" пачаўся 17 лютага. Віктара Бабарыку абвінавачваюць у атрыманні хабару арганізаванай групай у асабліва буйным памеры і ў "адмыванні" грошай, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры. Сваю віну ён не прызнае.

Праваабаронцы прызналі Бабарыку палітвязнем. Ён разам з сынам трапіў за краты ў чэрвені 2020-га — пасля таго як вырашыў балатавацца ў прэзідэнты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі