Вы тут

Віцяблянка атрымлівала дзве дзяржаўныя дапамогі на адно дзіця

Пракуратура Віцебскай вобласці / prokuratura.gov.by

Пракуратура Віцебскай вобласці накіравала ў суд крымінальную справу на 36-гадовую жыхарку Віцебскага раёна. Жанчыну вінавацяць у махлярстве, піша прэс-служба абласной пракуратуры.

Віцяблянка працавала ў адной з арганізацыяў ЖКГ. У 2017 годзе яна нарадзіла дзіця. І ў ліпені таго года камісія прадпрыемства прызначыла ёй штомесячную дапамогу на дзіця — з чэрвеня 2017 года па красавік 2020-га. 

Адначасова жанчына працавала ў адной з медустановаў Віцебска. Яна памяняла прозвішча на дзявочае і ў кастрычніку 2017-га аформіла такую ж дапамогу на дзіця там. Пры гэтым віцяблянка не ўказала, што ўжо атрымлівае дапамогу ў іншым месцы. Ад кастрычніка 2017 года па ліпень 2019-га яна, як сведчыць пракуратура, незаконна атрымала 9300 рублёў.

Таксама паведамляецца, што ў 2017-2018 гадах, каб атрымаць прадукты харчавання дзецям першых двух гадоў жыцця, віцяблянка неаднаразова падавала ў адзін з тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання непраўдзівую інфармацыю пра памер атрыманага даходу: яна не паведамляла заробак і суму дапамогі, выплачаныя ў арганізацыі ЖКГ. акім чынам яна атрымала прадукты коштам больш як 2000 рублёў.

Падчас папярэдняга расследавання жанчына часткова кампенсавала матэрыяльныя страты: заплаціла 9500 рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.