Вы тут

Віцебскі біскуп заклікае перагледзець справу ксяндза Вячаслава Барка

Біскуп Алег Буткевіч / catholic.by

Віцебскі каталіцкі біскуп Алег Буткевіч выступіў з адкрытым зваротам з нагоды арышту расонскага ксяндза Вячаслава Барка. 

Як распавядала Еўрарадыё, 3 снежня расонскага ксяндза асудзілі на 10 сутак, прызнаўшы вінаватым у "прапагандзе нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі". Нагодай стаў плакат Уладзіміра Цэслера "Стоп лукашызм!", які Барок перапосціў у сацсетках. На судзе ксёндз тлумачыў, што плакат мае антыфашыскую, антытаталітарную скіраванасць. І ён размясціў гэты плакат на сваёй старонцы як знак пратэсту супраць гвалту ў Беларусі.

"Тым не менш складаецца ўражанне, што яго тлумачэнні не былі прынятыя судом да ўвагі, у выніку чаго кс. Вячаславу Барку быў вынесены абвінаваўчы прысуд, з якім святар не пагадзіўся, і з якім не магу пагадзіцца таксама і я, бо кс. Вячаслава фактычна абвінавацілі ў тым, супраць чаго ён сам выступаў.

У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго беcпадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладнае вызваленне святара", — заяўляе біскуп Буткевіч.

Ён не выключае, што палітычны плакат мог быць па-рознаму ўспрыняты рознымі людзьмі, таму просіць прабачэння ў тых, хто ўспрыняў яго негатыўна. Пры гэтым біскуп яшчэ раз падкрэслівае, што ксёндз Барок не меў намеру прапагандаваць нацысцкую сімволіку. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.