Маленькую Веру зноў пазбавілі шанца лячыцца за мяжой: суд адхіліў апеляцыю

Вера Званько з бацькам / vk.com
Вера Званько з бацькам / vk.com

11 лютага Мінскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыйную скаргу Марыі Званько на рашэнне суда Маскоўскага раёна. Яе дачка, двухгадовая Вера хворая на спінальную мышачную атрафію і, на думку бацькоў, мае патрэбу ў лячэнні за мяжой, каб выжыць.

У снежні суд Маскоўскага раёна не задаволіў скаргу Званько на рашэнне камісіі Міністэрства аховы здароўя (медыкі палічылі лячэнне Веры за мяжой "немэтазгодным", хоць толькі там дзяўчынка можа лячыцца прэпаратам Spinraza: у Беларусі ён не зарэгістраваны).

Мінгарсуд скаргу таксама не задаволіў. Судовая калегія "не пабачыла парушэнняў працэдуры пры прыняцці рашэнняў камісіяй Міністэрства аховы здароўя".

Па словах адваката Званько Дзмітрыя Лаеўскага, рашэнне камісій Міністэрства аховы здароўя — гэта суцэльнае парушэнне працэдуры, зварот Марыі Званько яны адхілілі беспадстаўна.

"І, увогуле апеляцыйная інстанцыя павінна была перш за ўсё правяраць рашэнне раённага суда, а ў ім фатальных парушэнняў маса, — лічыць Лаеўскі. — Хаця б узяць той факт, што раённы суд нават не згадаў, і значыць, не прымяніў, норму часткі 7 артыкула 14 Закона "Аб ахове здароўя", якая вызначае прадмет дзейнасці Камісіі Міністэрства аховы здароўя і замацоўвае падставы накіравання грамадзяніна на лячэнне за мяжу, хаця менавіта гэтая норма была парушаная камісіямі Міністэрства аховы здароўя ў першую чаргу.

Раённы суд праігнараваў у сваім рашэнні паказанні лекараў у частцы, якая пацвярджае нашу пазіцыю, ніяк не ацаніў прадастаўленыя намі доказы наяўнасці станоўчых вынікаў прымянення "Спінразы" за мяжой. Таксама засталося без ацэнкі суда тое, наколькі адсутнасць станоўчага рашэння Міністэрства аховы здароўя перашкаджае збору спонсарскіх сродкаў ад арганізацый. І, тым больш, ні слова ў рашэнні раённага суда няма па довадах аб парушэнні камісіяй Міністэрства аховы здароўя норм Канвенцыі аб правах дзіцяці і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах".

Цяпер, кажа Лаеўскі, сям'я Веры Званько настроеная абскардзіць рашэнне раённага і гарадскога судоў у Вярхоўным судзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі