velcom заяўляе, што не блакаваў сайт "Беларускі партызан"

Аператар сувязі velcom адмаўляе, што блакаваў сайт "Беларускі партызан", перадае Радыё "Свабода".

Звесткі аб праблемах з доступам да сайта з'явіліся ўвечары 14 снежня. Некаторыя абаненты velcom (раней — брэнды "Атлант Тэлекам", "Гарант" і "Інфалан") заявілі, што не могуць трапіць на сайт. У некаторых карыстальнікаў з'яўлялася паведамленне, што сайт "Беларускі партызан" унесены ў "спіс абмежаванага доступу" паводле ўказу Лукашэнкі №60 ад 2010 года. 

Начальнік аддзелу карпаратыўных камунікацыяў velcom Вячаслаў Смірноў заявіў, што не ведае пра такія выпадкі. Ён папрасіў паведаміць, у якіх сетках блакуецца сайт.

Некаторыя абаненты іншых правайдараў таксама паведамлялі аб праблемах з доступам да "Беларускага партызана". У прыватнасці, такія паведамленні прыходзілі ад карыстальнікаў МТС. Хаця іншыя карыстальнікі заяўлялі, што праблемаў з доступам няма.