Вайсковы эксперт: УСУ пойдуць на Марыупаль і Мелітопаль

Марыупаль / ТАСС

Узброеныя сілы Украіны ўзялі Херсон 11 лістапада. Як выказаўся ў эфіры "Можам аб'ясніць" вайсковы эксперт Міхаіл Самусь, аператыўнай паўзы пасля гэтага не будзе.

"Справа ў тым, што ўкраінскае войска цяпер атрымлівае магчымасць поўнага агнявога кантролю левага берага. Тыя ж самыя HIMARS цяпер апынаюцца на адлегласці 80 км ад подступаў да Крыма. І чыгуначныя вузлы, якія знаходзяцца ў Крыме, будуць пад агнявым кантролем", — тлумачыць Самусь.

Для ўкраінскай арміі цяпер няма сэнсу спыняць контрнаступ.

"Не будзе аператыўнай паўзы. Паколькі фронт будзе зафіксаваны па Дняпры, там УСУ няма сэнсу трымаць вялікія сілы. Гэтыя сілы можна будзе перанакіраваць на іншыя кірункі. Я думаю, што гэта будуць Марыупаль і Мелітопаль. Мелітопаль быў галоўным лагістычным хабам, праз які войскі ішлі з тэрыторыі Расіі. І Расіі трэба рыхтаваць лініі абароны", — адзначыў ён.

Пры гэтым Самусь дадаў, што ёсць верагоднасць абстрэлаў Херсона. Але ўсё будзе залежыць ад падзей на фронце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.