Вайсковец з Беларусі адмовіцца ваяваць ва Украіне — і па законе ён не дэзерцір

"Я прысягаў абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Беларусі, а не забіваць украінцаў!" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
"Я прысягаў абараняць незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць і канстытуцыйны лад Беларусі, а не забіваць украінцаў!" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Нельга выключаць таго, што Аляксандр Лукашэнка вырашыць адправіць войскі на дапамогу Пуціну. Для салдат Беларусі гэта можа абярнуцца непатрэбнай вайной, з якой ёсць імавернасць вярнуцца не ў ордэнах, а з калецтвамі або ў труне.

Напэўна сярод беларускіх вайскоўцаў ёсць тыя, хто задумваўся над гэтым. Але што будзе таму, хто не захоча браць удзел у пуцінскай мясарубцы? Ці можна на вайскоўца павесіць "крыміналку" за нежаданне забіваць суседзяў-украінцаў? Ці ёсць жыццё ў цывільным грамадстве для тых, хто адмовіўся ваяваць ва Украіне? З такімі пытаннямі Еўрарадыё звярнулася да ініцыятывы сілавікоў BYPOL.

 

Адмова забіваць у іншай краіне — гэта не дэзерцірства

Еўрарадыё: Беларускі вайсковец, які адмовіцца ехаць на вайну ва Украіне, — дэзерцір?

BYPOL: Адмову ехаць на чужую вайну нельга назваць дэзерцірствам. Для таго каб вашы дзеянні кваліфікаваліся як дэзерцірства, вам, у адпаведнасці з артыкулам 446 КК РБ, неабходна самавольна пакінуць часць або месца службы з мэтай ухілення ад вайсковай службы. Альбо не з'явіцца з той жа мэтай на службу пры прызначэнні, пераводзе, з камандзіроўкі, адпачынку або арганізацыі аховы здароўя.

У выпадку калі вы прыбылі на службу, гатовыя выконваць свае службовыя абавязкі — за выключэннем выканання заведама злачынных загадаў, — вы не можаце быць дэзерцірам.

Варта адзначыць, што гэты адказ сфармуляваны з пункту гледжання заканадаўства, якое больш-менш працуе ў грамадстве, чаго нельга сказаць пра стан законнасці ў РБ у цяперашні час. Таксама варта памятаць пра тое, што нормы права рэжым будзе выкручваць як выгадна яму з пункту гледжання маніпуляцыі свядомасцю людзей.

Военный из Беларуси откажется воевать в Украине — и по закону он не дезертир
Алег Талерчык і Аляксандр Азараў з BYPOL / ютуб-канал BYPOL

"Крымінальны кодэкс не прадугледжвае пакарання за адмову ад удзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў мірны час"

Еўрарадыё: Уявім, што вайсковец не ўцякае з часці, не кідае зброю і не пакідае дзяжурства, а прыходзіць да начальніка і кажа: "Я не хачу ехаць на вайну ва Украіну". Што вайскоўцу за гэта будзе?

BYPOL: Шмат залежыць ад таго, уведзена ў Беларусі ваеннае становішча ці не. Калі не ўведзена ваеннае становішча, то ўсе вайскоўцы, за выключэннем вайскоўцаў тэрміновай службы, выконваюць свае абавязкі ў адпаведнасці з падпісанымі кантрактамі.

Вядзенне баявых дзеянняў на тэрыторыі іншай дзяржавы ў адпаведнасці з законам аб Узброеных сілах Беларусі не з'яўляецца задачай мірнага часу для Узброеных сіл РБ. Крымінальны кодэкс не прадугледжвае пакарання за адмову ад удзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў мірны час.

Военный из Беларуси откажется воевать в Украине — и по закону он не дезертир
Палонныя расійскія вайскоўцы ва Украіне / тэлеграм

BYPOL: Ва ўсіх кантрактах у адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі дакладна прапісана, што яны заключаныя на мірны час. Кантракт не прадугледжвае ўдзелу ў баявых дзеяннях. Кантракты іншага віду для вайскоўцаў Беларусі ў мірны час не прадугледжаны заканадаўствам. Законным правам кожнага грамадзяніна ёсць адмова ад падпісання любых кантрактаў сумнеўнага зместу.

Ёсць іншая сітуацыя — абвяшчэнне ваеннага становішча. Думаем, што ўвядзенне ваеннага становішча запусціць незваротныя працэсы разбурэння рэжыму і паслужыць пачаткам плана "Перамога". У гэтым выпадку мы [BYPOL] будзем рабіць усё, каб уварванне ва Украіну не адбылося.

Еўрарадыё: Ці магчыма вайскоўцу адмовіцца ехаць на вайну ва Украіну, калі ў часці раптам абвесцяць баявую трывогу і проста паставяць перад фактам?

BYPOL: Нечаканасць, апісаная вышэй, у мірны час выключаная, бо ўся падрыхтоўка будзе расцягнутая ў часе. Вы загадзя даведаецеся пра атрыманне боепрыпасаў, падрыхтоўку ўзбраення, мноства іншых спадарожных мерапрыемстваў. Загадзя будзе ажыццяўляцца апрацоўка асабовага складу ідэолагамі. Будзе шмат часу і магчымасцяў заявіць пра свой няўдзел у такога кшталту дзеяннях, скааперавацца з калегамі, дзейнічаць усім разам. Пры абвяшчэнні ваеннага становішча мы разлічваем на план "Перамога".

 

"Мёртваму не патрэбныя пагоны, пасада, пенсія і крэдыт"

Военный из Беларуси откажется воевать в Украине — и по закону он не дезертир
Загінулы ва Украіне расійскі вайсковец / тэлеграм

Еўрарадыё: Беларускі вайсковец, які вырашыць не ехаць на вайну ва Украіну, можа сутыкнуцца з цкаваннем з боку таварышаў па службе, з пагрозамі камандзіраў і шмат чым іншым.

BYPOL: Несумненна, у гэтым плане будуць старацца ідэолагі і камандзіры. Аднак высокая імавернасць таго, што асноўная маса афіцэраў будзе напалоханая, ашаломленая і падтрымае любыя дзеянні, накіраваныя на сабатаж мерапрыемстваў па адпраўцы падраздзяленняў ва Украіну.

Ёсць простыя, жалезныя аргументы для тых, хто з'яўляецца афіцэрам. Яны напісаныя на кожным стэндзе ў афіцэрскіх клубах, штабах, на кожным транспаранце — "Гонар", "Сумленне", "Годнасць", "Смеласць". Як быць? Жыць з чыстым сумленнем, як цяпер жывуць 86 афіцэраў, пазбаўленых Лукашэнкам воінскіх званняў у траўні 2021 года.

У рэшце рэшт, калі пералічанае вышэй не аргумент, то ў гэтым выпадку трэба пагадзіцца з тым, што мёртваму не патрэбныя пагоны, пасада, пенсія і крэдыт.

На жаль, большасць афіцэраў Узброеных сіл Беларусі прытрымліваецца даволі меркантыльных інтарэсаў. Мабыць, ад гэтага і ўзнікаюць такія дзіўныя пытанні, адказы на якія павінны быць у іх даўно ў галаве і сэрцы.

Еўрарадыё: Шмат хто баіцца звальнення. Маўляў, да выслугі на пенсію засталося крыху — і тут цябе выкідваюць з войскаў. Ці ёсць жыццё ў цывільным грамадстве?

BYPOL: Ёсць! Новае! Яркае! Цікавае! Кіпучае! Калі вы не вызначылі для сябе пасля службы ролю ахоўніка шлагбаума, вы заўсёды знойдзеце новую, цікавую для вас працу. Навучыцеся новым спецыяльнасцям. Дазволіце сабе падарожжы. Спазнаеце свет. Вывучыце мовы.

Военный из Беларуси откажется воевать в Украине — и по закону он не дезертир
На вайне ва Украіне гінуць не толькі салдаты, прапаршчыкі і малодшы афіцэрскі склад. Камандзіра Валгаградскай 20-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі палкоўніка Аляксея Гарабца, які трапіў пад абстрэл HIMARS, змаглі ідэнтыфікаваць толькі па ДНК / bloknot-volgograd.ru

Еўрарадыё: Ці цяжка адважыцца заявіць пра тое, што ты не хочаш ехаць ваяваць ва Украіну?

BYPOL: Падзеі, якія адбыліся ўслед за жніўнем 2020 года, паказалі, што людзі падзяліліся. Адны пачалі ўпадаць у прорву самападману і хлусні, іншыя сталі змагацца за праўду. Тыя, хто сябраваў дзясяткі гадоў, сталі ворагамі. Хто ніколі не ведаў адно аднаго, тыя здабылі сувязі моцнага сяброўства. Гэта нармальныя працэсы.

Калі чалавек працягвае лічыць сваімі таварышамі людзей, якія згаджаюцца ехаць у чужую краіну для таго, каб забіваць, тады чым ён адрозніваецца ад іх? Калі не хапае смеласці не ісці за статкам, знайсці ў сабе сілы назваць усё сваімі імёнамі, сказаць, што "двойчы два — чатыры", тады можна назваць гэта для ўласнага заспакаення мужнасцю і сілай. Усё залежыць ад таго, які бок вы выбераце. Выбераце бок хлусні і самападману — усё жыццё будзеце размаўляць на навамоўі: "Вайна ёсць мір. Свабода ёсць рабства. Няведанне ёсць сіла" [цытата з "1984" Оруэла. — Еўрарадыё].

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі