Валенса і дзеячы польскай "Салідарнасці" падтрымалі беларускіх палітвязняў

Валенса і дзеячы польскай "Салідарнасці" падтрымалі беларускіх палітвязняў

Чальцы польскай "Салідарнасці", якія былі палітвязнямі ў камуністычны час, выказалі падтрымку беларускім палітвязням. Іх адкрыты ліст з'явіўся ў "Газеце Выборчай". 

У лісце нагадваецца, што пасля Другой сусветнай вайны шэраг еўрапейскіх краін апынуліся пад уладай камуністаў: "На працягу дзесяцігоддзяў народы Беларусі, Балгарыі, Чэхіі, Эстоніі, краін Балканскага паўвострава, Літвы, Латвіі, Польшчы, Румыніі, Славакіі ды Украіны вымушаныя былі змагацца за найважнейшыя каштоўнасці: свабоду асобы, незалежнасць, павагу да чалавека і павагу да ісціны. Каштоўнасці, якія складаюць ідэнтычнасць усіх дэмакратычных дзяржаў свету".

Як пішуць аўтары зварота, 9 жніўня народ Беларусі чарговы раз падымецца на барацьбу за каштоўнасці, "без якіх ні адно грамадства не можа называцца свабодным". 

Яны прыгадваюць, як 40 гадоў таму рух "Салідарнасць" прывёў да краху камунізму ў Польшчы. "Дзякуючы мужнасці грамадзян, сіле барацьбы і веры ў перамогу немагчымае стала магчымым. Аднак не было б польскага поспеху без салідарнасці дэмакратычных дзяржаў і рашучасці гістарычных лідараў вольнага свету. Памятаючы ўласны вопыт і вопыт многіх пакаленняў, якія змагаюцца за свабоду, мы ясна і выразна кажам, што грамадзяне Беларусі не застаюцца і не могуць заставацца ў гэтай барацьбе адны. Падтрымка незалежнай, свабоднай і дэмакратычнай Беларусі з'яўляецца маральным абавязкам сучасных дэмакратычных лідараў", — упэўненыя польскія дзеячы.

Сво зварот яны завяршаюць алюзіяй на песню "Муры", якая была гімнам "Салідарнасці" і стала своеасаблівым гімнам сёлетняй выбарчай кампаніі ў Беларусі: "Салідарнасць хай ідзе ад усіх свабодных грамадзян свету, і сцены абрынуцца".

Пад лістом падпісаліся лідар "Салідарнасці", нобелеўскі лаўрэат і прэзідэнт Польшчы ў 1990-95 гадах Лех Валенса, аўтар польскіх рэформаў Лешак Бальцаровіч, галоўны рэдактар "Газеты Выборчай" Адам Міхнік і яшчэ 11 актывістаў "Салідарнасці", якія былі палітвязнямі.

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 24 чалавек, якія знаходзяцца за кратамі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі