Вадзім Галыгін: Кожнае дзеянне выклікае супрацьдзеянне

Еўрарадыё: Перакананы, што вы ведаеце пра падзеі, якія адбываюцца да гэтага часу – масавыя арышты, разгон дэманстрацыі 19-га? Некаторыя расійскія музыкі выказаліся на гэты конт. Улічваючы, што вы да Беларусі маеце прамое дачыненне, хацелася б даведацца і ваша стаўленне.

Вадзім Галыгін: Маё стаўленне да гэтага вельмі простае – нічога не змянілася. Тое, што датычыцца нейкіх апазіцыйных сілаў, то мы іх чамусьці бачым толькі ў нейкія пэўныя моманты. А што датычыцца сілаў улады, то, калі наносіцца матэрыяльная шкода і штурмуюцца будынкі, то... Кожнае дзеянне выклікае супрацьдзеянне.

Еўрарадыё: А як вы лічыце, людзі могуць выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю выхадамі на плошчу, ці гэта павінна адбывацца нейкім іншым чынам?

Вадзім Галыгін: Не, выходзіць на вуліцы, на плошчы ніхто не забараняе. А калі гэта перарастае ў нейкую агонію, то гэта выклікае абсалютна іншыя супрацьдзеянні. Людзі могуць выказваць сваю волю. Калі ў людзей ёсць незадаволенасці, то гэтыя незадаволенасці трэба выказваць штодзённа, штотыднёва, калі яны насамрэч ёсць. А калі ўсё адбываецца раз на чатыры, пяць гадоў, то дзе тады вы раней былі? Чаму вельмі дрэнна становіцца ў адзін дзень? Я гэтага не разумею.

Еўрарадыё: А вам калі-небудзь даводзілася ўдзельнічаць у падобных акцыях пратэсту?

Вадзім Галыгін: Не, мне не даводзілася, бо ў кожным выпадку, кожная акцыя, гэта проста каму-небудзь трэба. Калі б гэта было патрэбна народу, то там бы ўдзельнічаў народ, і народ масава выказваў бы сваю волю. Акцыя пратэсту – гэта спланаванае мерапрыемства, якое патрэбнае пэўнай жменьцы людзей – кожная акцыя пратэсту. Тое ж адбываецца і на тэрыторыі Расіі. Я магу сказаць, што ўсе гэтыя акцыі – гэта нейкія разрозненыя, кропкавыя. Ведаеце, ёсць прыказка "сабака брэша, караван ідзе"? Вось гэта ўвасабленне гэтай прыказкі.

Еўрарадыё: Калі вы ўжо ўзгадалі Расію, то, на ваш погляд, што адбываецца ў адносінах Расіі і Беларусі, Беларусі і той жа Еўропы?

Вадзім Галыгін: Я магу сказаць, што ўсё будзе добра. Нам адносіны падарыла наша геаграфія і нічога адбыцца дрэннага тут не можа. Справа ў тым, што супрацьстаянне па нейкіх асобных момантах – гэта супрацьстаянне па нейкіх асобных момантах. Глабальна два братэрскія народы не могуць мець нейкія канфрантацыі. Ёсць нейкія моманты, якія заснаваныя тут і цяпер, маўляў, мы вам вось гэта, а мы вам вось гэта, мы вам вось гэта, а мы вам вось гэта. Гэта як хлопчыкі ў двары пабіліся, вось што адбываецца. А што тычыцца Беларусі і Захаду, то мы мяжуем з аднымі людзьмі з аднаго боку, з іншымі з іншага. Нам геаграфічна і палітычна проста неабходна з аднымі і з іншымі мець стасункі. І ўсё гэта будзе адбывацца так жа як гэта адбывалася і раней.

Еўрарадыё: Зразумела! Калі б вам прапанавалі падпісацца пад зваротам расійскіх музыкаў, ВІП-асоб, які ўжо існуе ў інтэрнэце, з патрабаваннем выпусціць затрыманых людзей на мітынгу 19-га снежня, вы б падтрымалі гэтую ініцыятыву?

Вадзім Галыгін: Затрыманыя былі хто? За што затрыманыя? Ініцыятыва каго вызваляць? У нас і так была нядаўна амністыя ў краіне. І калі людзі затрыманыя, то яны затрыманыя за штосьці.

Еўрарадыё: На дадзены момант амаль тысяча маладых людзей, якія былі на плошчы 19-га чысла, знаходзіцца ў няволі або ім гэта пагражае.

Вадзім Галыгін: Так! Чаму?

Еўрарадыё: Таму, што яны выйшлі на плошчу выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю, тое пра што вы і казалі.

Вадзім Галыгін: Яны выйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю як? Разбіваючы шкло і выкрыкваючы розныя лозунгі. Гэта грамадзянская пазіцыя? Грамадзянскую пазіцыю трэба выражаць згодна з законам! Стварайце партыі, рухі, выступайце на радыё, тэлебачанні, аб'ядноўвайцеся ў нейкія палітычныя рухі, плыні! Я яшчэ раз кажу, што асобна праплачаныя рэчы, калі прыходзяць людзі пасля трох бутэлек піва і ў іх з'яўляецца грамадзянская пазіцыя, яны не з'яўляюцца актыўнай палітычнай моладдзю. Для мяне. Я згодны, што ў кожнай краіне мусіць быць і апазіцыя моцная і партыі, якія змагаюцца пакуль жывуць. Нічога гэтага няма! У нас узнікаюць кропкава нейкія людзі, якія раптоўна, раз на некалькі гадоў вырашаюць выказаць сваю пазіцыю. Грамадзянская пазіцыя – абкруціцца шалікам, накаціць 150 грамаў, выйсці і разбіць недзе шкло? Таму маё меркаванне такое: ва ўсім гэтым трэба разбірацца. А па-другое, для таго, каб з'явіліся якія-небудзь грамадзянскія пазіцыі, трэба выхоўваць нашу палітычна неадукаваную моладзь. У нас, на жаль, усе вельмі крайнія, ультрасы. Крайняя пазіцыя ў адных, крайняя пазіцыя ў іншых. Вось людзі з "Пагоняй" на палцы для мяне не варыянт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі