Вы тут

Вадамёты, шлемы і наручнікі — што набывала міліцыя за апошні год

У сацсетках знаходзім інфармацыю пра тое, што мінская міліцыя нядаўна завезла не меней за пяць вадамётаў. Каментатары адзначаюць, што іх вырабіла фірма Iveco. Кругавое вядзенне цэлі, асобны рухавік на вадамёт, відэафіксацыя — такія характарыстыкі ёсць у машыны для разгону масавых беспарадкаў.

Інфармацыя напярэдадні выбараў больш чым цікавая. Але ў прэс-службе УУС Мінгарвыканкама інфармацыю не каментуюць:

“Не ведаем, што вам сказаць на гэты конт”, — і раяць звярнуцца да крыніцы інфармацыі.

Але ў каментарыях да навіны людзі пішуць пра тое, што такую машыну бачылі на вуліцах Мінска, а карэспандэнт Еўрарадыё Яўген Валошын яе заўважыў на вуліцах сталіцы яшчэ ў красавіку 2015 года! 

Такі ж вадамёт, які не набывала сталічная міліцыя, карэспандэнт Еўрарадыё Яўген Валошын бачыў на вуліцы Мінска яшчэ вясной 2015 года

У пашукавіках такога вадамёта мы не знаходзім, але ёсць іншыя. Адзін з такіх — вадамёт “Шторм”, які вырабляюць у Расіі.

Тэлефануем на расійскі Варгашынскі завод спецыяльнага і супрацьпажарнага абсталявання. Размова з начальнікам аддзела продажаў была наступнай: чалавек не пацікавіўся ні хто я, ні адкуль, ні навошта дзяўчыне гэтыя вадамёты раптам спатрэбіліся. Адразу папярэджваюць: у наяўнасці тэхнікі для разгону дэманстрацый у іх няма — трэба замаўляць.

“Для разгону дэманстрацый вы маеце на ўвазе? Дык у нас такая тэхніка ёсць, але ў наяўнасці, самі разумееце, няма”.

Цікавяцца, як буду закупляць: праз непасрэдную закупку ці праз тэндар. Калі праз тэндар, таксама ніякіх праблем, бо ўсе суправаджальныя дакументы ў парадку. І прапаноўваюць прыслаць характарыстыкі вадамёта “Шторм” і камерцыйную прапанову.

Дакумент з характарыстыкай спецаўтамабіля прыходзіць праз 15 хвілін пасля званка. Па дакументах расійскі вадамёт мае рэзервуар на 6 тысяч літраў вады і тры 60-літровыя бакі для пены, фарбы і актыўнага спецсродку. Ён можа біць вадой не меней чым на 60 метраў. Такая тэхніка саб’е чалавека з ног за лічаныя секунды.

“Часцей за ўсё, аднаго выгляду машыны дастаткова, каб астудзіць самую гарачую галаву”, — гаворыцца на сайце завода.

Тэрмін вырабу машыны — 120 дзён, кошт — каля 19 000 000 расійскіх рублёў (ці 303 тысячы долараў). Пяць такіх вадамётаў будуць каштаваць болей за 1,5 мільёна долараў!

Паколькі сталічная міліцыя не каментуе, ці набывала яна вадамёты, зірнем на сайт дзяржзакупак. Там інфармацыі пра машыны для разгону масавых акцый таксама няма. Але ёсць шмат чаго іншага.

Да прыкладу, у 2015 годзе на сайце дзяржзакупак ведамства размяшчала тэндар на набыццё супрацькулявых шлемаў, шчытоў з куленепрабівальным забралам, шчытоў з электрашокерамі, наручнікаў, абсталявання для ўзмацнення голасу. Але больш закупак было ў 2014 годзе — на 8,5 мільярдаў рублёў.