Ва Украіне арыштавалі маёмасць трох беларускіх асфальтабетонных заводаў

Ва Украіне арыштавалі маёмасць трох асфальтабетонных заводаў, якія належаць беларускім кампаніям. Як паведамляе прэс-служба Кіеўскай гарадской пракуратуры, іх перадалі ў кіраванне Агенцтву па выяўленні і менеджменце актываў (АРМА). 

Кошт трох заводаў ацэньваецца больш як на 120 мільёнаў грыўняў (8,3 мільёна рублёў).

Прадпрыемствы размешчаныя ў Кіеве, Жытомірскай і Мікалаеўскай абласцях Украіны. Следства выявіла, што іх канчатковым уладальнікам з'яўляецца Рэспубліка Беларусь. Прадпрыемствы спецыялізуюцца на выкананні розных відаў дарожных работ.

Цяпер следчыя правяраюць, ці не прысвойвалі яны сродкі дзяржбюджэту Украіны, вылучаныя на будаўніцтва, рэканструкцыю і рамонт аўтамабільных дарог. Таксама правяраюць, ці не фінансавалі гэтыя кампаніі захоп дзяржаўнай улады ва Украіне, змену межаў тэрыторыі або дзяржаўнай мяжы.

Раней стала вядома, што СБУ арыштавала актывы расійскіх і беларускіх прамысловых прадпрыемстваў у Жытомірскай вобласці на суму больш за 30 млн грыўняў (прыблізна 1 млн долараў). 

Таксама СБУ ініцыявала арышт актываў "Беларускай нафтавай кампаніі": было заяўлена, што яна датычная да фінансавання расійскай агрэсіі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.