Усё ідзе па плане: што перанеслі "ў іх" — але ніяк не перанясуць у Беларусі

Пазбегнуць прызыву не атрымаецца / Reuters
Пазбегнуць прызыву не атрымаецца / Reuters

Праз каранавірус ва ўсім свеце адмянілі або перанеслі мноства звыклых мерапрыемстваў. Але Беларусь, як заўсёды, ідзе сваёй, асаблівай дарогай. І гаворка далёка не толькі пра чэмпіянат па футболе, за якім цяпер паняволі назіраюць заўзятары з самых розных краін! Экзамены, масавыя забегі, выставы, ваенны парад, прызыў у войска — мы знайшлі важныя падзеі, якія ў Беларусі пройдуць па раскладзе, хоць ва ўсім свеце сталіся адмененыя або перанесеныя на потым.
 


Экзамены і ЦТ

Выпускныя і ўступныя экзамены, а таксама сесіі ў студэнтаў у Беларусі пераносіць пакуль што не маюць намеру. Нават каранцін не ўводзіцца — школьнікі пасля вясновых канікул вернуцца ў класы, а студэнты і цяпер павінны быць на парах.

Тым часам у Расіі асноўны этап адзінага дзяржаўнага экзамену перанесены з 25 траўня на 8 чэрвеня. Асноўны этап экзаменаў для дзявятых класаў перанесены з 22 траўня на 9 чэрвеня.

Ва Украіне пакуль не ўдакладнены новыя даты правядзення экзаменаў для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы ў 2020 годзе, якія перанеслі на лета з-за ўвядзення каранціну. Да пандэміі асноўная сесія знешняга незалежнага ацэньвання па 11 прадметах планавалася з 21 траўня па 15 чэрвеня.

Школьныя экзамены "пасунуліся" ў многіх краінах. У Англіі ў прынцыпе існуе імавернасць, што навучальны год "абнуляць". Але круцейшая за ўсіх Шатландыя, дзе школьныя экзамены, якія здаюць у траўні — чэрвені, адменяць упершыню з 1888 года!
 


Прызыву — быць

Тыя, хто спадзяваўся пад маркай пандэміі адкасіць ад арміі, могуць пра гэта забыцца. Прынамсі, вясновы прызыў адбудзецца дакладна. Як расказалі Еўрарадыё ў прэс-службе Міністэрства абароны, на сённяшні дзень абстаноўка дазваляе планы не мяняць і якіх-небудзь маштабных перамен не плануецца.

Прызыўнікі, якія адправяцца аддаваць доўг Радзіме гэтай вясной, будуць праходзіць медыцынскую камісію па стандартных працэдурах. Ці будуць у іх браць пробы на каранавірусную інфекцыю, у прэс-службе Мінабароны сказаць не гатовыя.

Між тым у Расіі прызыўнікі будуць пратэсціраваныя на каранавірус. "У войскі трапяць толькі тыя, у каго дыягнастычны тэст пакажа адмоўныя вынікі", — паабяцаў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Папаўненне будзе ізалявана ў часцях на двухтыднёвы каранцін.

Ва Украіне прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб пераносе вясновага прызыву і звальнення вайскоўцаў тэрміновай службы ў запас з красавіка — чэрвеня на травень — ліпень 2020 года.
 


Што там з парадам?

А тыя, хто ўжо служыць у войсках, прымуць удзел у парадзе 9 траўня, адмяняць які таксама не збіраюцца. Нягледзячы на рэкамендацыі Мінздароўя пра мінімізацыю кантактаў з іншымі людзьмі, першы прагон ужо адбыўся — 31 сакавіка. Намеснік міністра абароны Сяргей Патапенка паведаміў, што парад запланаваны зусім маштабным: удзел у ім возьмуць увогуле больш за 3 тысячы вайскоўцаў, размеркаваных у 22 пешыя парадныя разлікі. З іх 20 будуць ад Беларусі, па адным — ад Расіі і Кітая.

Не ўсе хочуць на парад. На сайце petitions.by петыцыя аб яго адмене ўжо набрала больш за 7000 подпісаў. Ініцыятары звароту патрабуюць адмяніць усё, што звязана з правядзеннем парада, а на зэканомленыя сродкі арганізаваць абыход пажылых людзей з выдачай усіх неабходных медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці, арганізаваць закупку медыцынскіх матэрыялаў для дааснашчэння медыцынскіх устаноў, азеляніць Мінск і адрамантаваць аварыйныя ўчасткі дарог. Карацей, вырашыць адразу шмат праблем.

У Казахстане ўжо адменены ваенны парад, прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі. У Малдове з-за COVID-19 адмяняюцца ўсе масавыя мерапрыемствы, запланаваныя на 9 траўня. А на Кубе вырашылі не праводзіць парад з нагоды свята працы 1 траўня. 
 


Самы час для "Базару”

Пералічваючы канцэрты, адмененыя ў свеце праз каранавірус, можна заснуць. Але ў Віцебску 21 сакавіка пачаўся другі этап продажу білетаў на "Славянскі базар". Плануецца, што ўдзел у фестывалі прымуць Дзмітрый Малікаў, Лаліта Міляўская, Валерый Меладзэ, Алег Газманаў і іншыя расійскія эстрадныя выканаўцы. Варта адзначыць, што гэтыя артысты перасягнулі 50-гадовы рубеж, гэта значыць адносяцца да катэгорыі людзей, якія найбольш схільныя да захворвання на каранавірусную інфекцыю. Як відаць, арганізатары разлічваюць толькі на станоўчы варыянт развіцця падзей.

Як паведамляецца на сайце "Славянскага базару", Мадонна сёлета не прыедзе.

 

Всё идёт по плану: что перенесли “у них” — но никак не перенесут в Беларуси
Выступ Мадонны / Reuters

І ўсё-ткі футбол?

Матчы трэцяга тура чэмпіянату Беларусі па футболе — таго самага, адзінага на кантыненце — пройдуць 3–5 красавіка. Пра прыпыненне чэмпіянату гаворкі пакуль не ідзе.

Але, як той казаў, выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў. Фанаты футбольнага клуба "Нёман" з Гродна заявілі пра байкот чэмпіянату з-за недаверу да афіцыйнай статыстыкі па распаўсюджванні каранавіруснай інфекцыі. Фанаты салігорскага "Шахцёра" таксама вырашылі перастаць хадзіць на стадыён. І заклікалі астатніх заўзятараў узяць з іх прыклад.

 

А хто вагаецца?

Кіеўскі міжнародны паўмарафон — адзін з пяці паўмарафонаў у свеце з прэстыжным статусам World Athletics Silver Label. Ён павінен быў прайсці ў сталіцы Украіны 4–5 красавіка, але яго перанеслі на 19–20 верасня.

А вось арганізатары беларускага забегу Bison Race, запланаванага ў спартыўна-аздараўленчым комплексе "Лагойск" на 1–3 мая, настроены больш аптымістычна і разглядаюць тры варыянты развіцця падзей. Першы — калі праблема з каранавірусам будзе вырашана ў сярэдзіне красавіка, то мерапрыемства будзе праведзена ў запланаваныя даты. Калі пік праблемы прыпадзе на красавік-травень, то мерапрыемства будзе перанесена на жнівень. А калі сітуацыя не вырашыцца да пачатку ліпеня, Bison Race давядзецца перанесці на кастрычнік.

Всё идёт по плану: что перенесли “у них” — но никак не перенесут в Беларуси
Sprint Bison Race 02.08.2019 / vk.com/bisonrace1

Яшчэ адна адмена ва Украіне — выстава Motobike 2020, якая павінна была прайсці ў Кіеве з 3 да 5 красавіка. Мабыць, сёлета ўкраінскім мотааматарам не наканавана паглядзець на навінкі сезона.

У Беларусі аналагічная выстава "Мотавелаэкспа-2020" павінна адбыцца 25–26 красавіка. Зрэшты, арганізатары расказалі Еўрарадыё, што плануюць пераносіць івэнт. Дакладна будзе вядома пасля 6 красавіка.

Парыжскі тыдзень мужчынскай моды, які быў запланаваны на 23–28 чэрвеня 2020 года, і Тыдзень высокай моды адмененыя. Тыдзень мужчынскай моды ў Мілане, які быў запланаваны на 19–23 чэрвеня, арганізатары вырашылі перанесці на восень і правесці сумесна з жаночымі паказамі 22–28 верасня.

Неабыякавыя да модных паказаў еўрапейцы цяпер вымушаныя чакаць да лепшых часоў. А што ў нас? Асноўныя падзеі Belarus Fashion Week былі запланаваныя на 20–26 красавіка. Але...

"Пакуль што мы перанеслі на травень. 13–17 траўня, вось гэты прамежак. Але дакладна вам адказаць не зможам. Глядзім, назіраем за сітуацыяй. Будзем прымаць рашэнне ў найбліжэйшы тыдзень.

І гаворка дакладна ідзе не пра, скажам так, збіранне людзей. Глядзім у бок анлайн-здымак, з невялікай колькасцю гледачоў. Таму што, вядома ж, насцярожвае сітуацыя", — расказалі Еўрарадыё арганізатары BFW.
 


А што ўсё ж адмянілі?

Парад з удзелам вялікай колькасці вайскоўцаў дазволены, падрыхтоўка да яго ідзе поўным ходам. А вось наведванні зняволеных у месцах пазбаўлення волі з нядаўніх часоў забароненыя "ў мэтах прафілактыкі інфекцыйных захворванняў". Дарэчы, у суседняй Расіі таксама часова забаронены спатканні зняволеных са сваякамі — і таксама праз эпідэмію каранавіруса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі