УСУ могуць дайсці да Мінска, калі Лукашэнка не спыніць скокі па крэслах

УСУ могуць дайсці да Мінска, калі Лукашэнка не спыніць скокі па крэслах

Наўрад ці ўкраінцы даруюць Лукашэнку ракетныя абстрэлы і заплюшчаць вочы на расійскія войскі, якія бестурботна размясціліся ў Беларусі. Нікому не патрэбны сусед, які запэўнівае ў сяброўстве і адначасова на ўсю моц халуйнічае перад Пуціным.

Украінскае кіраўніцтва можа неўзабаве спыніць лукашэнкаўскія скокі па крэслах. Як гэта будзе выглядаць?

— Будзе высунуты ўльтыматум. Першае — Лукашэнка павінен у імгненне вока, на працягу дня-двух вывесці альбо выкінуць расійскія войскі са сваёй тэрыторыі, — выказвае меркаванне ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў— Другі момант — дэмілітарызацыя памежнага рэгіёна, ад пяцідзесяці да ста кіламетраў. Каб там не стаяла ніводнага беларускага вайскоўца, акрамя, умоўна, памежнікаў. Калі гэты ўльтыматум не будзе выкананы, то, я думаю, будуць нанесены кропкавыя прэвентыўныя ўдары па расійскай вайсковай інфраструктуры. Не па беларускай, а па расійскай, калі расійскія войскі застануцца на тэрыторыі Беларусі. Бо для Украіны вельмі важна максімальна забяспечыць сваю стабільнасць і мінімізаваць пагрозу ў будучыні. Гэта, на маю думку, адзін з верагодных сцэнароў у той сітуацыі, якая разгортваецца зараз.

Мы ўжо бачым, што рыторыка ў дачыненні да Мінска змяняецца. Калі яна была лагодная і нейтральная, прынамсі да паспяховай контрнаступальнай аперацыі Украіны, то зараз яна змяняецца і ў дачыненні да Расіі. Гэта выказванні сакратара Рады бяспекі Украіны, выказванні намесніка кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў Герашчанкі, што ўжо фактычна Лукашэнка мусіць прыгатавацца. Што мы ўжо не будзем проста моўчкі зносіць тыя ўдары, якія будуць наносіцца з тэрыторыі Беларусі, а можам нават дайсці да Мінска.

— Зараз, пакуль на ўзроўні рыторыкі, для Лукашэнкі высылаюцца сігналы: “Давай дзейнічай, спрабуй выкінуць расійскія войскі. Паспрабуй не дазваляць ім больш абстрэльваць нашу тэрыторыю. Інакш атрымаеш “атветку”, — працягвае Павел Усаў. — Пакуль ультыматум гэты не выстаўляецца, бо трывае аперацыя па дэакупацыі ўсёй Украіны. І да моманту, пакуль яна не скончыцца, Украіна не будзе выстаўляць такі жорсткі ўльтыматум для Лукашэнкі.

Напэўна, будуць нейкія контрудары [па тэрыторыі Беларусі. — Еўрарадыё]. Як кажуць украінцы, “бавовна”. Але калі цалкам будзе вырашана пытанне расійскіх вайскоўцаў ва Украіне, то тады чарга дойдзе да Лукашэнкі. Бо зараз няма ніякай зацікаўленасці ў тым, каб на поўначы Украіны пачалася нейкая заваруха — на што таксама можа разлічваць Пуцін. Бо для яго вельмі важна, каб у гэты крытычны момант распачаўся хаос на ўсіх напрамках. Думаю, што могуць зараз пачаць змушаць Лукашэнку да нейкіх правакацый на межах, — лічыць палітолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі