Усходазнаўца: Егіпецкі прэзідэнт не зможа дужацца з войскам

120626 BogdanS.mp3


Еўрарадыё: Прэзідэнт-элект Магамад Мурсі быў палітыкам яшчэ за рэжымам Хосні Мубарака. Што вы можаце сказаць пра яго як пра палітыка? Ці супрацоўнічаў ён з рэжымам? Што гэта за асоба?


Сяргей Богдан: Хто супрацоўнічаў з рэжымам – мы даведаемся не так хутка. Пра гэта даведваюцца праз дзесяцігоддзі. Вядучым палітыкам ад “Братоў мусульманаў” Мурсі не быў: працаваў на будучыню. “Браты мусульмане” былі забаронены, але працаваць яны працавалі і выступалі як незалежныя кандыдаты. Таму Мурсі прызвычаіўся працаваць паступова і старанна, каб дасягнуць сваіх мэтаў. А пра мэты мы можам ужо зусім іншае казаць.


Еўрарадыё: А хто фактычна будзе кіраваць Егіптам? Ці ёсць магчымасць, што прэзідэнтам Мурсі будзе кіраваць Вайсковая рада Егіпта? Ці яна ўсё ж такі адыдзе?


Сяргей Богдан: Пачну з таго, што я вельмі скептычна стаўлюся да выразу “егіпецкая рэвалюцыя”, бо не бачу, што ж сапраўды змянілася. Як была ўлада ў руках вайскоўцаў, так яна і засталася. Калі не браць пад увагу працэдурных пытанняў – фактычна, зменаў не так ужо і шмат. Адбылася проста змена групы палітычнай эліты, а з другога боку, “Браты мусульмане” змаглі неяк кааптавацца ў склад эліты. На маё думку, вялікіх зменаў няма, і егіпецкае войска – ключ егіпецкай палітыкі.


Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць, што прэзідэнт Мурсі адсуне вайскоўцаў ад улады?


Сяргей Богдан: Верагоднасць ёсць усяго, што толькі заўгодна, але сёння я не бачу прычынаў, каб сказаць, што ў агляднай будучыні гэта можа здарыцца. Егіпецкае войска – гэта “карпарацыя”, якая працуе вельмі эфектыўна. Гэта, можа, адна з самых эфектыўных арганізацый у Егіпце. Таму, цяжка ўявіць, што мог бы зрабіць прэзідэнт супраць войска. А той самы Мурсі не можа абаперціся на міжнародную падтрымку, бо ЗША не ў захапленні ад таго – хто перамог на гэтых выбарах. Калі “Браты мусульмане” не маюць міжнароднай падтрымкі, то і дужацца ім з войскам не выпадае.


Еўрарадыё: Ці, аднак, ёсць праўдападабенства, што Егіпет зможа заняць сваё былое пачэснае месца і стаць культурным маяком гэтага рэгіёна?


Сяргей Богдан: Ён заўсёды быў культурным маяком рэгіёна і апошнія падзеі гэтага не змянілі. У Егіпце заўсёды выдаваліся кніжкі, ствараліся фільмы, развівалася мастацтва. Адзінае, што прыход “Братоў мусульманаў” паказвае нам тэндэнцыю, падобную да турэцкай. Але калі ў Турэччыне кіроўная партыя Эрдагана змагла перабудаваць дзяржаву, то ў Егіпце сітуацыя нашмат горшая. У Турэччыне Эрдагану трэба бало адбудаваць краіну, якая была можа і дэфектнай, але дэмакратыяй. У Егіпце казаць пра дэмакратыю цяжка. Як паказвае практыка – пасля дыктатураў адразу дэмакратыя не прыходзіць. Мы пабачым яшчэ шмат выбараў паміж кепскім і яшчэ горшым.


Еўрарадыё: Ці адгукнецца  Аляксандр Лукашэнка неяк на падзеі ў Егіпце?


Сяргей Богдан: Беларускі бок ужо даўно спрабаваў наладзіць стасункі з Егіптам, але не з найлепшым вынікам. Безумоўна, віншаванне будзе, але “Браты мусульмане” – гэта не тыя людзі, якія зразумелыя Лукашэнку. Напрыклад, Ахмадынаджада ён мог бы зразумець, бо той – папуліст, як і Лукашэнка. А “Браты мусульмане” – больш ідэалагізаваная арганізацыя і яны з Лукашэнкам – з розных планетаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі