Вы тут

Усе квіткі на TEDxMinsk ў Купалаўскім тэатры прададзеныя за 4 дні

Частка афішы TEDxMinsk

Арганізатары канферэнцыі TEDxMinsk, якая пройдзе 30 сакавіка ў Купалаўскім тэатры, абвясцілі, што ўсе квіткі прададзеныя. На гэта спатрэбілася "крыху менш за чатыры дні".

"Ці ёсць шанцы трапіць у залу? Ёсць, але мінімальныя, — дадаюць арганізатары TEDxMinsk. — Ці могуць квіткі з'явіцца ў продажы? Толькі калі не будуць выкупленыя забраніраваныя (іх 56), ці калі нехта верне квіток, набыты раней".

У гэтым выпадку білет аўтаматычна вернецца ў продаж. Аднак "злавіць" такі момант будзе няпроста.

Для тых, хто хацеў трапіць на мінскі TEDx, але не паспеў купіць білет, абяцаюць арганізаваць онлайн-трансляцыю. Спасылка на яе будзе апублікаваная пазней.

TED — гэта абрэвіятура ад слоў "Technology, Entertainment, Design" ("Тэхналогіі, Забавы, Дызайн"). Першая канферэнцыя TED прайшла ў 1984 годзе ў ЗША. Фармат канферэнцыі — некалькі кароткіх выступаў па розных абласцях ведаў і чалавечых практык. З часам TED ператварыўся ў міжнародную франшызу.

Свой удзел у TEDxMinsk-2019 пацвердзілі прафесар псіхалогіі City University of New York беларуска Анастасія Ліпневіч, пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі брытанец Алекс Крэмер, пісьменніца Лінор Гаралік. Чакаюцца таксама выступы нейраанатама Андрэя Сокала, кліпмэйкера Мацвея Сабурава, аматара бегу Мікіты Сыскова.