“Усе беларусы, якія ваююць за Наваросію, падтрымліваюць Бацьку”

Раней у беларускіх медыя выходзіла не шмат матэрыялаў пра нашых землякоў, якія ваююць на баку самаабвешчанай Наваросіі. Таму інфармацыя пра 22-гадовага Дзмітрыя Макарэвіча і яшчэ аднаго беларуса з пазыўным “Белы”, якія атрымалі падрыхтоўку ў мар’інагорскім спецназе, выклікала рэзананс.

Колькі беларусаў ваюе на баку Наваросіі і якіх поглядаў прытрымліваюцца выпускнікі мар’інагорскага спецназу? Распытваем пра гэта саслужыўцаў Макарэвіча і “Белага”, а таксама выходзім непасрэдна на саміх байцоў з самаабвешчанай ДНР.

Макарэвіч (злева) на руінах аэрапорта ў Данецку

Абодва спецназаўцы дэмабілізаваліся ўвосень 2013 года. Макарэвіч родам з Жыткавіцкага раёна, але перад тэрміновай службай жыў на Бабруйшчыне. “Белы” кажа, што ён з Мінска. У сваім новым жыцці абодва служаць пад крылом “Матаролы” ў падраздзяленні “Спарта”.

Былыя саслужыўцы “Белага” і Макарэвіча, як гэта здараецца, раз-пораз падтрымлівалі з імі сувязь.

“Служылі ў адной роце. Потым я даведаўся, што спачатку на вайну паехаў адзін чалавек, потым Макарэвіч. Ён і мне прапаноўваў, і іншым, — распавядае мінчанін Павел С. — Я кажу: “У мяне Радзіма тут, у Беларусі, сям’я тут. Гэта не мая вайна”. Гэта іх рашэнні. Наколькі я ведаю, з’ехаўшы туды, яны разышліся з жонкамі. Складана сказаць, што здарылася, чаму яны туды паехалі добраахвотнікамі”.

Яшчэ адзін былы спецназавец з Мар’інай Горкі, Іван П., наадварот выказвае адназначную сімпатыю да, як кажуць, былых калег па цэху.

“Менавіта ён усталяваў сцяг Наваросіі над тэрміналам аэрапорта ў Данецку, — кажа Іван пра “Белага”. — Магу сказаць, што і мае, і іх саслужыўцы выказваюць да іх глыбокую павагу, сочаць за іх лёсам”.

У самаабвешчанай Наваросіі абодва беларусы здабылі аўтарытэт, атрымалі ад сваіх камандзіраў шэраг узнагарод. Абодва бралі ўдзел у баях на тэрыторыі Данецкага аэрапорта. Цікава, што падчас вайны “Белы” паспеў, як і “Матарола”, пабрацца шлюбам з мясцовай дзяўчынай. 

Новая жонка “Белага” Даша (жыхарка Шахцёрска) апісвае Еўрарадыё свайго абранніка. Кажа, што ён камандзір роты разведкі, старшы лейтэнант і… блізкі паплечнік “Матаролы”, якога яе муж у свой час “прыкрыў ад абстрэлу”.

Звязваемся і з самім “Белым” (яму 22 ці 23 гады).

Еўрарадыё: Ці шмат за вас ваюе беларусаў? Ведаем, што нашых суайчыннікаў многа на баку ўкраінскай арміі.

“Белы”: Не, беларусаў у нас не многа, я б нават сказаў — адзінкі. Я ведаю асабіста аднаго (гутарка пра Макарэвіча, — Еўрарадыё). Ён у маім узводзе. Нас толькі двое беларусаў у падраздзяленні. А так, я сустракаў толькі траіх за ўвесь час вайны. Спадзяюся, у хуткім часе нас будуць сотні на Данбасе. Так, на баку украў беларусаў вельмі шмат. Там ваююць тыя, каму не падабаецца беларуская ўлада і хто хоча прыбраць Бацьку”.

Еўрарадыё: Чаму вы паехалі на вайну? Ці праўда, што на гэта паўплываў развод з былой жонкай?

“Белы”: Забойства дзяцей, жанчын, старых. Былая жонка мяне кінула, калі я ўжо ваяваў.

Еўрарадыё: У арміі Наваросіі вы, падобна на тое, у аўтарытэце. Прысутнічаеце на відэа, маеце ўзнагароды. За што?

“Белы”: Так, я ў аўтарытэце і мяне паважае маё кіраўніцтва — камандзір Матарола. А самае галоўнае — сябры. Я так разумею, за тое, што я харошы мужык.

Еўрарадыё: У якіх вайсковых аперацыях вы ўдзельнічалі?

“Белы”: У многіх. Саур-Магіла, Снежнае, Дэбальцава, аэрапорт Данецка…

Еўрарадыё: Ці лічыце вы сябе беларусам, і як ставіцеся да беларускай мовы?

“Белы”: Мне падабаецца мая краіна. Я паважаю беларускае маўленне. Мне падабаецца беларуская ўлада. Але я аднаго не разумею, чаму нас лічаць тэрарыстамі толькі за тое, што мы дапамагаем братэрскаму народу. Я магу заявіць, што ўсе беларусы, хто ваюе на баку Наваросіі, падтрымліваюць палітыку Бацькі. І мы не дапусцім перавароту ў Беларусі такога, як ва Украіне. Фашызм не пройдзе.

Еўрарадыё: У некаторых украінскіх СМІ да Лукашэнкі выказваюць павагу.

“Белы”: Ён вядзе правільную палітыку. Ні з кім не хоча страчваць сяброўскія адносіны.

Еўрарадыё: Пэўна, беларускія спецслужбы ўжо вамі зацікавіліся. Ідэнтыфікаваць вас не складана.

“Белы”: І што з гэтага? Мяне ў Наваросіі ніхто не стане шукаць.

Еўрарадыё: Ці цягне вас вярнуцца дадому?

“Белы”: Як жа мяне можа цягнуць, калі вайна ідзе? Вось калі скончыцца, можа, і паеду ў госці на пару дзён.

Еўрарадыё: Як вы пазнаёміліся з Дашай?

“Белы”: Ну, рамантычна. Мы штурмавалі стары тэрмінал Данецкага аэрапорта. Мяне параніла, таму адвезлі ў шпіталь, дзе Даша з’яўляецца санінструктарам у падраздзяленні. Вось так і пазнаёміліся. Яна была ў аэрапорце разам са мной і ўдзельнічала ў штурме новага тэрмінала.

Еўрарадыё: На баку ўкраінскай арміі ваююць такія ж людзі, як і вы, калі служылі ў Мар’інай Горцы. Прызвалі, далі загад — пайшоў ваяваць. Што вы адчуваеце, калі забіваеце гэтых людзей?

“Белы”: Нічога. Усе, хто хацеў, уцяклі з арміі і адкасілі. Таму мне розніцы няма — Узброеныя сілы Украіны ці нацыкі. Яны прыйшлі да нас з вайной, і мы заб’ем любога, хто паквапіцца на нашу зямлю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі