Усаў: “Беларускі народ не з’яўляецца ворагам для літоўскага”
Літоўскі і беларускі сцягі / lrp.lt
Палітолаг рэзка раскрытыкаваў рашэнне літоўскага ўраду пра магчымыя абмежаванні для беларусаў.
“Беларусы ніколі не дапамагалі рускім вынішчаць літоўскую дзяржаўнасць”. Пра гэта нагадвае палітолаг Павел Усаў, каментуючы Еўрарадыё намер урада Літвы прыпыніць выдачу грамадзянства і відаў на жыхарства беларусам.
“Наадварот, нават з канца 1980-х Зянон Станіслававіч і дэпутаты Адраджэння падтрымлівалі літоўскую незалежнасць. І ніколі не было амбіцый такога кшталту, якія заўсёды праяўляліся ў Расіі: мы забярэм Вільню.
Беларускі народ не з’яўляецца ворагам для літоўскага народу. Ворагамі з’яўляецца рэжым Лукашэнкі, але ён нелегітымны і не быў легітымным з 1996-га году. Але, напрыклад, Даля Грыбаўскайце [былая прэзідэнтка Літвы. — Еўрарадыё] добра сябе адчувала і вяла палітыку з гэтым жа рэжымам. Тое ж самае польскі ўрад яшчэ з часоў першай кадэнцыі ПіС”.
Усаў рэзка крытыкуе літоўскі ўрад і кажа, што Літва наадварот павінна дапамагаць беларусам.
“Нічога не дадзім — ва ўсім будзем абмяжоўваць! Гэта азначае, што яны сыходзяць з таго, што беларусы — ворагі, што нават беларусы, якія знаходзяцца ў Літве, ужо з’яўляюцца патэнцыйнай небяспекай для літоўскіх нацыянальных інтарэсаў. Калі гэта было, каб беларусы выступалі ворагамі для Літвы, Украіны ці Польшчы? Заўсёды ворагам для Літвы быў рэжым Лукашэнкі, які выкарыстоўваўся Масквой. І якраз на сённяшні момант вельмі важна зрабіць усё, каб беларусы адчувалі сябе абсалютна камфортна і атрымоўвалі падтрымку ўрадаў Літвы і Польшчы. Каб маглі без візаў прыязджаць у Літву і Польшчу. Бо паспрабуй ты яшчэ атрымаць гэтую візу!”
Усаў лічыць гэта дыскрымінацыяй.
“Навошта гэта рабіць? Вось за год вайны ці ўзнікла небяспека ўнутры Літвы ці на яе межах менавіта з боку беларусаў? Не! Так, палякі групу шпіёнаў знайшлі, беларусаў. Але і ўкраінцы на карысць Расіі дзейнічаюць. Гэта непазбежна — заўсёды будуць здрайцы. Але не трэба ўвесь народ залічваць у ворагі.
Мяне гэта логіка проста здзіўляе: “Мы зараз пазачыняем ім межы, візы не будзем даваць і яны ўзбунтуюцца”. Не будуць яны бунтаваць. Наадварот будуць з вялікім непаразуменнем і крыўдай успрымаць дзеянні Літвы. Ніколі літоўскі ўрад так варожа не ставіўся да беларусаў. Гэта непрымальна!”.
Апроч спынення выдачы грамадзянства і відаў на жыхарства беларусам таксама можа быць прыпынены і прыём заявак на атрыманне віз (акрамя выпадкаў, калі хадайнічае літоўскі МЗС). Адпаведны законапраект Сейм Літвы прыняў у першым чытанні (будзе яшчэ 2-е чытанне): 113 дэпутатаў — "за", 9 — устрымаліся. Чакаецца, што новаўвядзенне пачне дзейнічаць з 15 красавіка 2023-га.
Абмежаванні збіраюцца ўвесці як адказ на агрэсію Расіі і Беларусі супраць Украіны. Іх абгрунтоўваюць інтарэсамі нацыянальнай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.