Урад заўважыў зніжэнне цэнаў на мяса, а беларусы — не

Урад заўважыў зніжэнне цэнаў на свініну, курыцу ды ялавічыну. Маўляў, зніжэнне цэн — вынік дзейнасці Дэпартамента цэнавай палітыкі Мінэканомікі.

Каля ўраду — толькі дзве крамы, “Суседзі” ды “Радзівілаўскі”. У апошняй мяса не так і шмат, у асноўным курыца, але цэны на яе быццам бы засталіся на месцы.

А вось у краме “Суседзі” прадаўшчыца мяснога аддзела пацвярджае: цэны на свініну сапраўды знізіліся ў параўнанні з траўнем, але павысіліся ў параўнанні з красавіком.

“Свініна, вось мы глядзім па прыходзе, падаражэла нават. Нам раней шыю свіную вазілі па 106 тысяч, а цяпер па 116. Прыкладна на 20% патаннела свініна ў параўнанні з траўнем. Памятаеце, быў вельмі вялікі скачок цэнаў на свініну? Але гэта не сённяшняя статыстыка. У нас нацэнка гандлёвая не змянялася, знізіліся закупачныя цэны. Курыца ў цэнах таксама асабліва не ўпала”, — кажуць у краме.

Аказваецца, да траўня цэны на свініну толькі раслі. А вось ў чэрвені пачалі зніжацца. Абтэлефаноўваем крамы, статыстыка як тэмпература па лякарні: дзе цэны зніжаліся, дзе трымаюцца на стабільна высокім узроўні.

“Давайце я вам раскажу сітуацыю: да сярэдзіны траўня цэны толькі раслі, потым пачалі падаць. Ну, магчыма на 10 тысяч сталі меншыя. З чэрвеня яны ўпалі, а цяпер проста стабілізаваліся”, — кажуць у “Белмаркеце”.

На “Мінскім мясакамбінаце” заўважаюць, што змяніліся адпускныя цэны на свініну. Яны акурат упалі, гэта і паўплывала на цану ў гандлі.

“У розных пастаўшчыкоў свае цэны на свініну. А што да нас, у нас адпускная цана, да прыкладу, на свіную шыю, — 107 тысяч за кіло, у мінулым месяцы тое самае было, а вось у траўні — 121 тысяча рублёў, у пачатку красавіка — 72846 рублёў за кіло. У нас у саміх быў шок”, — на прадпрыемстве кажуць, што пакупнікі быццам бы ўжо да новых цэнаў прызвычаіліся.

Тэлефануем на ААТ “Барысаўскае”. Галоўны эканаміст свінакомплекса Святлана кажа, што закупачныя цэны на кілаграм жывой вагі ў іх сапраўды ўпалі… на 150 рублёў!

“Закупачная цана фармуецца міністэрствам. За кіло жывой вагі свініны першай катэгорыі мы атрымліваем 18969 рублёў! Яна знізілася на 150 рублёў. То бок на свінні ў 100 кілаграм мы зарабляем 1,8 мільёна”, — кажа эканаміст і заўважае, што мяса патаннела не праз свінакомплексы.

“Цана знізілася не таму, што змянілася цана на сыравіну, а таму, што мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы пераглядзелі сваё фармаванне цэнаў”.

Пытаемся ў мінчан, ці заўважылі яны як упалі цэны на мяса.

“Я сама працую прадаўшчыцай. Ці ж гэта нармальна, калі кіло мяса каштуе 100 тысяч рублёў? Што там таго кілаграма на сям’ю?” — пытаецца Алена. Яе падтрымлівае Леанід з Глуска.

“У нас бязладдзе! У нас тры крамы на ўвесь Глуск, там мяса няма! На рынку мяса няма, фермерскія гаспадаркі закрываюцца адна за адной! Гэта бязладдзе! Нічога ў нас у Беларусі дзяржава не кантралюе, толькі сядзяць ды заробкі атрымліваюць”, — абураецца Леанід.

Але часцей за ўсё мінчане ды госці сталіцы пыталіся ў адказ: а хіба ў нас нешта патаннела?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі