Вы тут

Урад вызначыў, якія тэлепраграмы лічыць беларускімі

Фота: pixabay.com

Савет Міністраў зацвердзіў Палажэнне аб парадку разліку аб'ёму тэлеперадач, аўдыёвізуальных твораў ды іншых матэрыялаў беларускай вытворчасці ў штомесячным аб'ёме тэлевяшчання. Гэтае рашэнне замацавана пастановай урада №844 ад 21 лістапада 2018 года, паведамляе прэс-служба Саўміна

Да тэлеперадач беларускай вытворчасці адносяцца перадачы, вырабленыя рэзідэнтамі — грамадзянамі Беларусі, а таксама замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у Беларусі. Таксама іх стваральнікамі могуць быць фізічныя асобы, зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці індывідуальных прадпрымальнікаў, і юрыдычныя асобы, створаныя ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам, з месцам знаходжання ў Беларусі.

У лік беларускіх тэлеперадач трапілі трансляцыі спартыўных мерапрыемстваў, якія суправаджаюцца каментаром на працягу ўсёй трансляцыі сіламі і сродкамі беларускай тэлерэдакцыі.

Выключэнне складаюць: рэклама, якая размяшчаецца паміж тэлеперадачамі альбо перарывае іх трансляцыю, акрамя сацыяльнай рэкламы; тэлеперадачы, вырабленыя рэзідэнтамі сумесна (пры ўдзеле) з замежнымі суб'ектамі гаспадарання за межамі Беларусі і перапрацаваныя рэзідэнтамі для трансляцыі на тэрыторыі Беларусі, у тым ліку са зменай іх формы або зместу, акрамя названай трансляцыі спартыўных мерапрыемстваў.

Доля тэлеперадач беларускай вытворчасці ў штомесячным аб'ёме вяшчання тэлевізійных СМІ вызначаецца паводле прыведзенай у Палажэнні формуле.

Гэтая пастанова набывае моц з 1 снежня 2018 года.