Урад вырашыў падцягваць 31 адсталы рэгіён да сярэдняга ўзроўню

Урад вырашыў падцягваць 31 адсталы рэгіён да сярэдняга ўзроўню

Міністэрства эканомікі разам з аблвыканкамамі падрыхтавала комплексны план развіцця 31 рэгіёну Беларусі, якія адстаюць па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Дакумент быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета міністраў 27 жніўня, паведамляе прэс-служба ўрада.

Прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што асноўная задача — падцягнуць адсталыя рэгіёны да сярэднерэспубліканскага ўзроўню. "Гэта задача няпростая. Трэба стварыць умовы не толькі для рэальнага сектара, але і для прыцягнення працоўных рэсурсаў, зніжэння адтоку насельніцтва за кошт стварэння камфортных умоваў для жыцця", — падкрэсліў кіраўнік урада.

Працоўная назва дакумента — план індустрыялізацыі адсталых у развіцці рэгіёнаў. На гэта Румас заявіў, што больш правільна казаць не пра індустрыялізацыю, а пра развіццё. "Бо развіццё тэрыторый можа быць звязана не толькі з прамысловасцю, але і са сферай паслуг, у прыватнасці з турызмам, што вельмі актуальна для адсталых рэгіёнаў", — растлумачыў ён.

Пры выкананні плана з групы адсталых павінны выйсці 11 рэгіёнаў, а яшчэ 5 — ушчыльную наблізіцца да выхаду з яе.

Па словах міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога, у план развіцця прапануецца ўключыць 280 праектаў. Больш за 54 з іх будуць створаныя з нуля, каля 80 складуць інвестыцыі ў дзеючыя вытворчасці, а яшчэ 140 адносяцца да сферы інфраструктуры. 

Міністр заявіў, што ў гэтых рэгіёнах ужо дзейнічаюць прэферэнцыі для інвестараў. "Усе раёны трапляюць пад дзеянне дэкрэта №6 па малых гарадах у сельскай мясцовасці, там свой аб'ём падатковых ільгот. Частка раёнаў мае ўчасткі свабодных эканамічных зон, і там будуць рэалізоўвацца праекты, гэта якраз патрабаванне прэзідэнта, мы ўвесь раён не зможам абвясціць СЭЗ, імі будуць аб'яўляцца канкрэтныя вытворчыя пляцоўкі, куды прыйдуць у першую чаргу прамысловыя прадпрыемствы", — дадаў чыноўнік.

Плануецца, што больш за 90% праектаў прафінансуюць беларускія інвестары, астатняе — замежныя інвестары, а таксама міжнародныя фінансавыя арганізацыі. Сродкі Сусветнага банка будуць выкарыстоўвацца для рамонту школ і лякарняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі