“Уначы да мінус 5 увесь тыдзень”. Ці застанемся без чарэшняў ды клубніц?

“Уначы да мінус 5 увесь тыдзень”. Ці застанемся без чарэшняў ды клубніц?

Снег ідзе другі дзень і карыстальнікі Фэйсбука нечакана заклапаціліся пра… агароды! “Ці вырастуць клубніцы, чарэшні і яблыкі?” Прагноз сіноптыкаў: пацяплее, але ўначы мароз.

“У Мінску надвор’е паступова наладжваецца. У асноўным, без ападкаў. Уначы будзе ад 0 да -5 градусаў. Але ўдзень заўтра ўжо 10-15 градусаў цяпла. У выхадныя будзе без ападкаў, у нядзелю ўжо да +20 градусаў. Але ўначы магчымыя замаразкі”, — прагназуе галоўны сіноптык беларускага Гідраметэацэнтра Святлана Рыбакова.

Навукоўцы ды фермеры кажуць, што бульбе нічога не пагражае. Слухайце парады і перакажыце знаёмым дачнікам:

“Цяпер тэмпература на бульбу не ўплывае, бо зямля прагрэтая. Хто пасадзіў у сярэдзіне красавіка, так, там ёсць праблемы. Бо трэба саджаць, калі тэмпература +8 градусаў. На цыбулю могуць паўплываць нізкія тэмпературы: могуць пайсці стрэлкі. Калі ўжо засадзілі парнікі, то варта другі слой накрыць — цяпліца ў цяпліцы. На моркву і буракі не ўплывае такая тэмпература”, — распавядае намеснік генеральнага дырэктара Навукова-практычнага цэнтра па бульбаводстве і пладаводстве, кандыдат сельскагаспадарчых навук Вадзім Маханько.

З бульбай ― зразумела. Але што рабіць, калі аблыні заквітнелі, а ўначы замаразкі. Вадзім Маханько раіць абкурваць дрэвы пры мінусе. Клубніцы лепш укрываць спанбондам (тканіна, якой закрываюць расліны), які дае для раслін дадатковыя +3 градусы цяпла.

Прыкрыць клубніцы і дрэвы можна таксама агравалакном, якое прадаецца ў адмысловых крамах. А градкі з ягадамі можна ўратаваць звычайнай… вадой. Такія парады ў фермера Наталлі з Драгічына.

“Небяспечна, што новыя лісткі могуць замёрзнуць. Наогул, лепш перачакаць маразы, і пасля саджаць клубніцы. Невялікія градкі можна укрыць нават газетай, тады мароз не возьме кветкі. Вада можа дапамагчы, тады кветка пакрыецца коркай ільда. Агравалакно ратуе пры марозах да -5 градусаў. Ім таксама можна ўкрыць дрэва”.

Агуркі і памідоры пры такім надвор’і лепей наогул не саджаць. А калі саджаць, то ў парніках, якія топяцца. Такія парады ад фермера Івана Грыба з “агурковага раю” — Альшанаў.

“Што ў полі расце, мы ўсё закрываем спанбондам, капусту мы так закрылі, глядзеў, ужо ёй не страшныя замаразкі. Морквы толькі частку пасадзілі, чакаем лепшага надвор’я. З агуркамі праблем няма, калі цяпліцы топяцца. А пад звычайнай плёнкай яны могуць захварэць. А вось з садамі праблема — няма пчол пры такім надвор’і, і якраз усё квітнее. Сады не апыляюцца”.

Сіноптыкі абяцаюць плюсавую тэмпературу ўначы толькі з наступнага тыдня. І хоць удзень будзе дастаткова цёпла, уначы магчымыя замаразкі да -5 градусаў аж да панядзелка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі