"Ультразвук": Мы вялі перамовы з Дземідовічам яшчэ да фіналу Еўрабачання

Арганізатары мінскага канцэрту The Prodigy перакананыя, што выступ Юры Дземідовіча не парушае правілаў дзіцячага "Еўрабачання"
Намесніца дырэктара рэкламна-канцэртнага агенцтва "Ультразвук"  Марына Калеснікава ў гутарцы з Еўрарадыё выказала надзею, што кіраўніцтва БТ перадумае і дазволіць хлопчыку выйсці на адну сцэну з вядомым брытанскім гуртом The Prodigy
Марына Калеснікава: "Нам вельмі шкада, што Белтэлерадыёкампанія ўпарціцца і не хоча даць хлопчыку магчымасць выступіць на такім цудоўным мерапрыемстве. Па-першае, гэта магло б падняць яго рэйтынг. Па-другое, ён мог бы атрымаць досвед выступу на вялікай сцэне,таму што стадыён з 30-тысячнай аўдыторыяй можна параўноўваць з 15 тысячамі, якія прыйдуць на фінал дзіцячага "Еўрабачання".
Паводле слоў арганізатараў, канцэрт не з’яўляецца камерцыйным мерапрыемствам (менавіта на гэта спасылаецца БТ). А адзінкавы ўдзел у фестывалі не супярэчыць правілам  "Еўрабачання".
Марына Калеснікава: "Калі Юра выступіць з дзвюма песнямі — хіба гэта актыўны ўдзел? Гэта ж не прома-тур. Па-другое, гэта не камерцыйны праект, бо ўсе ўдзельнікі выступаюць бясплатна. Наш фестываль ніяк не перашкодзіць стварэнню станоўчага іміджу хлопчыка. Гурт The Prodigy — гэта ж не death metall і нават не Alice Cooper! Яны нікому не адрываюць галовы! Гэта добры рэйв-гурт".
Да таго ж размова пра ўдзел хлопчыка ў фестывалі вялася з мастацкім кіраўніком "чароўнага трусіка" Ўладзімірам Глушаковым яшчэ да таго, як той перамог на беларускім адборы "Еўрабачання".
Марына Калеснікава: "Раней кіраўніцтва БТ не было супраць выступу хлопчыка ў фестывалі. Зараз, магчыма, БТ неяк уплывае на сям’ю Юры і яго бацькоў, каб тыя не пагаджаліся на ўдзел. Спадзяемся, Белтэлерадыёкампанія яшчэ перадумае і ўсё ж такі дазволіць Юры выступіць. Таксама мы вельмі спадзяемся, што людзі нас зразумеюць. Мы б не хацелі, каб усе думалі, што заяўка ў праграме “чароўнага трусіка” — гэта піяр-ход".
Фота: Tarantino