Уладзімір Някляеў вяртаецца ў палітыку і стварае новы рух

Паэт, празаік і палітычны дзеяч Уладзімір Някляеў, які ў 2010 годзе балатаваўся ў прэзідэнты, стварае новую грамадскую ініцыятыву — “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”. Месяц таму ён сышоў з кампаніі “Гавары праўду”, якую ачольваў цягам пяці гадоў, і цяпер анансуе вяртанне ў палітыку.

Як заявіў Някляеў у інтэрв’ю Радыё Свабода, ён не стаў чакаць спрыяльнага часу для стварэння новага масавага народнага руху. На яго думку, цяпер Беларусь сутыкнулася з відавочнай пагрозай дзяржаўнай незалежнасці. У дзейнага кіраўніка краіны няма ніякіх рэальных сілаў, каб абараніць незалежнасць, бо ён не абапіраецца на нацыянальна арыентаваных людзей.

“Спецслужбы яго наскрозь прарасійскія. Я там быў і меў магчымасьць пазнаёміцца з найвышэйшым камандаваннем гэтых службаў і сярэднім. І ўсе яны амаль што — так званы „рускі мір“. І ў войску беларускім па-сутнасці адны расійскія генералы і, хутчэй за ўсё, яны выканаюць загад Пуціна, пра што яны і кажуць, калі арыштоўваюць нашых актывістаў. Маўляў, што сюды прыйдзе Пуцін, сюды прыйдзе „рускі мір“, і мы вам тады, нацыяналістам, пакажам”.

Канкрэтныя кірункі дзейнасці свайго руху Уладзімір Някляеў пакуль не агучыў, але сказаў, што займаецца стварэннем новай ініцыятывы амаль штодня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі