Вы тут

Улады Брэста не дазволілі мітынг 1 траўня супраць акумулятарнага завода

Акцыя супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў 2018 годзе / svaboda.org

На сайце Брэсцкага гарвыканкама 29 красавіка з'явілася паведамленне "Аб недапушчэнні правядзення мітынгу 1 траўня "Брэстаўчане супраць свінцу 43.0". Гэтак гарадскія ўлады адрэагавалі на допісы ў сацсетках, перадае Радыё "Свабода".

Чыноўнікі пішуць, што ў сацсетках і СМІ з'явілася інфармацыя пра падрыхтоўку мітынгу 1 траўня і пра тое, быццам супраць гэтага не было пярэчанняў з іх боку. Гарадскія ўлады гэта абвяргаюць. Маўляў, яшчэ 26 красавіка арганізатарам быў дасланы па пошце адмоўны адказ на заяўку.

Арганізатары меркавалі акцыю на пляцоўцы ў парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў. Гэтае месца вызначанае для мітынгаў паводле "заяўнага прынцыпу". Аднак 1 траўня, кажуць чыноўнікі, там запланаванае Свята працы і адзначэнне 115-годдзя прафсаюзнага руху ў Беларусі.

Праціўнікі будаўніцтва завода за больш як год пратэстаў толькі адзін раз атрымалі дазвол на акцыю — у 2018 годзе. Таму штотыдзень па нядзелях брэстаўчане на знак пратэсту ладзяць несанкцыянаванае "кармленне галубоў".