Уладлену Функ пакінулі ў зняволенні на нявызначаны тэрмін

Працэдура высылкі з Беларусі грамадзянкі Расіі Уладлены Функ (Брусковай), сакратаркі амерыканскага адваката Эмануіла Зельцэра, працягнута на нявызначаны тэрмін. Пра гэта паведаміла прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкама Алена Кандратава. Чыноўніца дадала, што сёння ж Функ будзе пра гэта праінфармаваная. Нагадаем, рашэнне аб прымусовай высылцы У.Функ прынята на падставе таго, што яна "ўяўляе пагрозу" нацыянальнай бяспецы Беларусі.

13 сакавіка адвакат прыехаў у Гомель, каб сустрэцца з Кандратавай і атрымаць тлумачэнні, аднак яна адмовілася ад сустрэчы, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасць.

У гэты ж дзень Гарачка ў трэці раз наведаў сваю падабаронную, якая ўжо больш за суткі знаходзіцца ў адзіночнай камеры гомельскага ізалятара часовага ўтрымання (ІЧУ) пасля вызвалення з папраўчай калоніі. Функ расказала, што ўчора ёй зачыталі пастанову аб прымусовым высыланні з Беларусі ў перыяд з 12 па 14 сакавіка.

Пакінуўшы ІЧУ, адвакат ізноў звязаўся з Кандратавай, і яна паведаміла яму пра новую пастанову, у адпаведнасці з якой працэдура высылкі Функ працягнута на нявызначаны тэрмін.

Гарачка назваў усё гэта беззаконнем. "Я, як адвакат, не разумею, на якой падставе зацягваецца тэрмін высылкі, і што гэта за фармулёўка ў пастанове — на нявызначаны тэрмін", — сказаў ён БелаПАН.

Паводле слоў Гарачкі, яго падабаронная вельмі ўстрывожана падзеямі. Яна сцвярджае, што, знаходзячыся ў калоніі, не здзяйсняла нічога супрацьзаконнага, таму не разумее, на якой падставе да яе ўжываюцца падобныя меры.

Функ вызвалілася раніцай 12 сакавіка ў сувязі з адбыццём тэрміну пакарання. У той жа дзень яна планавала вылецець у ЗША (жанчына мае грын-карту і пастаянна пражывала ў ЗША). Паводле слоў Гарачкі, білет на самалёт быў ужо набыты. Аднак прама з калоніі Функ даставілі ў ІЧУ без пэўных тлумачэнняў. У яе пашпарт паставілі штамп, які забараняе ўезд на тэрыторыю Беларусі на працягу найбліжэйшых 10 гадоў.

Брат Эмануіла Зельцэра асцерагаецца, што Уладлене Функ можа быць прад'яўлена новае абвінавачанне. "Могуць быць знойдзеныя новыя парушэнні для таго, каб трымаць яе ў зняволенні і далей", — выказаў меркаванне Марк Зельцэр у інтэрв'ю БелаПАН.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі