Вы тут

Украінскія эксперты пасля гісторыі з Паўлам Грыбам баяцца ехаць у Мінск

На фота svaboda.org (злева направа) кіраўнік праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў, дэпутат польскага Сейму Міхал Каміньскі і старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

На міжнародны круглы стол, прысвечаны рэгіянальнай бяспецы і вучэнням "Захад-2017", не прыехалі прадстаўнікі Украіны. Ініцыятарам дыскусіі выступіла Аб'яднаная грамадзянская партыя. 

У каментары Радыё "Свабода" старшыня АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што Украіну на форуме былі запрошаныя прадстаўляць дэпутат Вярхоўнай Рады Дзмітрый Тымчук і палітолаг Юрый Бутусаў

"Абодва яны збіраліся прыехаць у Мінск і далі сваю згоду на паездку. Аднак пасля гісторыі з грамадзянінам Украіны Паўлам Грыбам, які быў затрыманы ў Беларусі і перададзены расіянам, яны адмовіліся прыяжджаць у Мінск, патлумачыўшы, што яны не маюць гарантыі ўласнай бяспекі", — распавёў Лябедзька.

Напрыканцы жніўня ў Беларусі знік 19-гадовы Павел Грыб — сын сябра грамадскай рады Памежнай службы Украіны Ігара Грыба. Хлопец паехаў у Гомель на сустрэчу з дзяўчынай з Расіі, з якой пазнаёміўся ў сацсетках. Пазней стала вядома, што Паўла Грыба ў Расіі вінавацяць у датычнасці да тэракту. Ён знайшоўся ў СІЗА ў Краснадары. 

Дзяўчына, з якой ён перапісваўася, прызналася, што дзейнічала па заданні расійскіх спецслужбаў. Беларускія ўлады заявілі, што могць пачаць крымінальную справу па знікненні ўкраінца на нашай тэрыторыі.