Украінская праваабаронца хоча высветліць, чаму яе затрымлівалі ў Мінску

Украінская праваабаронца хоча высветліць, чаму яе затрымлівалі ў Мінску

Украінская праваабаронца Марыя Ясяноўская хоча высветліць прычыны свайго затрымання ў Мінску. Таксама яна хоча даведацца, чаму трапіла ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд у Беларусь. Як паведаміла дзяўчына агенцтву БелаПАН, дапамогу ў гэтым ёй паабяцаў украінскі консул у Мінску.

Як паведамляла Еўрарадыё, затрыманне адбылося ў ноч з 23 на 24 кастрычніка. Ясяноўская прыехала ў Беларусь на семінар, арганізаваны асветніцкай праваабарончай установай "Офіс па правах людзей з інваліднасцю". Яе затрымалі ўначы ў мінскім гатэлі "Спадарожнік" і даставілі ва УУС Кастрычніцкага раёна. Там украінцы паказалі дакумент аб забароне на ўезд у Беларусь.

Дзяўчыну выпусцілі з пастарунку пасля ўмяшання кіраўніка "Офіса па правах людзей з інваліднасцю" Сяргея Драздоўскага і ўкраінскага консула ў Мінску. У міліцыі яна правяла каля дзвюх гадзін.

Ясяноўскай дазволілі застацца ў краіне на час семінара, папярэдне узяўшы тлумачэнні наконт мэты візіту. На семінары Ясяноўская распавядала аб правах людзей з інваліднасцю.

Раніцай 25 кастрычніка праваабаронца выехала ва Украіну на аўтамабілі.

Дарэчы, Ясяноўская ўваходзіць у міжнародную назіральную місію па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Фота: фэйсбук

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі