Украіна паведамляе, што расійскі пісьменнік папрасіў палітычнага прытулку
Памежная служба Украіны паведамляе, што сёння ў гэтай дзяржаве папрасіў палітычнага прытулку вядомы расійскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Гэта адбылося на беларуска-ўкраінскай мяжы ў пункце пропуску "Новыя Ярылавічы". Паведамляецца, што расіянін звярнуўся да памежнікаў Чарнігаўскага атраду з просьбай надаць яму статус бежанца.
Прычынай такога ўчынку ён назваў палітычны пераслед у Расіі. Імя расіяніна не называецца. Аднак украінскі бок паведамляе, што ён "займаўся актыўнай пратэстнай дзейнасцю ў дачыненні да існуючага ў Расіі палітычнага рэжыму Пуціна".
На цяперашні час грамадзяніна Расіі памежнікі перадалі ў міграцыйную службу.