Украіна абвяргае, што пастаўляла ракетныя тэхналогіі ў КНДР

Украіна абвяргае, што пастаўляла ракетныя тэхналогіі ў КНДР

Газета The New York Times у панядзелак, 14 жніўня, напісала пра пастаўкі тэхналогій для ракетных рухавікоў у КНДР з Украіны. Выданне спасылаецца на справаздачу эксперта Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў Майкла Элемана. Ён тлумачыць апошнія поспехі Пхеньяна ў запусках балістычных ракет з’яўленнем новых рухавікоў, якія нагадваць савецкія РД-250. Элеман мяркуе, што Паўночная Карэя змагла купіць тэхналогіі іх стварэння, у абыход міжнародных санкцый, ва ўкраінскага “Паўднёвага машынабудаўнічага завода”. Гэтае прадпрыемства вырабляла згаданыя рухавікі. Эксперт адзначае, што такім чынам завод, які страціў расійскія кантракты і знаходзіцца ў няпростым фінансавым становішчы, мог паспрабаваць вырашыць свае праблемы.

На ўкраінскім прадпрыемстве гэтую інфармацыю катэгарычна абвяргаюць. Дарэчы, у справаздачы Майкла Элемана згадваецца выпадак, калі некалькі гадоў таму спецслужбы КНДР спрабавалі скрасці ва Украіне дакументы, у якіх згадваюцца тэхналогіі вытворчасці ракетных рухавікоў, інфармуе meduza.io.

Кіраўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў заявіў, што ніякіх паставак ракетных тэхналогій у КНДР не было. Ён мяркуе, што Украіну паспрабавалі падставіць расійскія спецслужбы, якія прыкрываюць свой удзел “у паўночнакарэйскіх ядзерных і ракетных праграмах”.

Нагадаем, што скандал адбыўся на фоне напружаных адносін паміж ЗША і КНДР. Пхеньян пагражае сваімі магчымасцямі нанесці ракетны ўдар па амерыканскай базе на востраве Гуам. Вашынгтон у асобе прэзідэнта Дональда Трампа папярэджвае, што Паўночнай Карэі можа быць кепска, калі яна не адмовіцца ад агрэсіўных дзеянняў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі