Уклады ў еўра абагналі рубель па даходнасці

Галоўны банкір краіны Пётр Пракаповіч заяўляе, што беларускі рубель стаў стабільнай валютай, але нават ён раіць захоўваць зберажэнні ў доларах, еўра і беларускіх рублях. Еўрарадыё высветліла, у чым раяць захоўваць грошы беларускія эканамісты ды банкіры. А самі мы, тым часам, падлічылі, уклады ў якой валюце прынеслі беларусам больш даходаў за гэты год.

Калі 14 лістапада мінулага году вы б выбралі самы даходны ўклад Беларусбанка і паклалі пад 13% гадавых сярэднюю зарплату беларуса 645 тысяч рублёў, то 14 лістапада гэтага года атрымалі б 728 тысяч. Неблагі прыбытак у 83 тысячы.

Калі б мы набылі на тыя ж грошы еўра і аднеслі нашыя 234 еўра ў той жа банк пад 7%, то сёння мелі б у кішэні 321 еўра. Прыбытак у 141 тысячу рублёў (45 еўра) — гэта крута.

Тая ж аперацыя з доларамі прынесла бы нам даход у 21 бакс, а гэта “ўсяго” 48 тысяч рублёў.

Па словах начальніка ўпраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоля Драздова, 60% грашовых укладаў беларусы захоўваюць у беларускіх рублях, затым ідзе долар, і толькі пасля еўра.

Анатоль Драздоў: Апошнія 7 гадоў нашыя людзі робяць большасць укладаў у беларускіх рублях. Іншая справа, што ў гэтым годзе сітуацыя змянілася: вельмі ўмацаваўся курс еўра, таму ўклады ў гэтай валюце сталі больш выгаднымі, чым у беларускіх рублях. Як доўга працягнецца такая сітуацыя, я не ведаю. Магчыма, гэта часовая з’ява. Але зараз класці грошы выгадней у нашых рублях, чым у іншай замежнай валюце, акрамя еўра.

У Анатоля Драздова і ў яго блізкіх ёсць грашовыя ўклады. Але кожны вырашае сам, якой валюце аддаць перавагу. Не факт, калі супрацоўнік Нацбанку параіць жонцы і дачцэ абраць беларускі рубель, яны зменяць свой погляд. Пры гэтым зазначае: многія эканамісты прагназуюць, што курс долара хутка зраўняецца з еўра, таму скупляць самую выгадную на сённяшні дзень валюту не спяшаецца.

Анатоль Драздоў: У мяне такія сціплыя зберажэнні, што я моцна не хвалююся. Калі, напрыклад, зберажэнні складаюць дзесяткі тысяч долараў, тады страты адчувальныя. А калі такія ўклады, як у мяне, то нават калі і згубіш нешта, не адчуеш. Таму гэта пытанне не вельмі актуальнае для мяне.

Не вельмі турбуе пытанне выбару валюты і памочніка старшыні ўпраўлення Нацбанка Сяргея Дубкова: ён расказаў Еўрарадыё, што ўвогуле не мае ніякіх зберажэнняў.

А эканаміст Аляксандр Чубрык лічыць, што перавагу трэба аддаваць той ці іншай валюце ў залежнасці ад мэты ўкладальніка. Калі задумалі купляць еўрапейскі аўтамабіль, то лепей, безумоўна, еўра.

Аляксандр Чубрык: Сярэднестатыстычнаму беларусу лепш шмат не разважаць, а то так хутчэй за ўсё ёсць шанец “аблажацца”. У якой валюце ідуць грошы, у такой лепш і захоўваць.

Сам Чубрык не мае ніякіх укладаў таму што нядаўна набыў кватэру. Да моманту куплі ён зберагаў грошы ў розных валютах.


Валюта на 14 лістапада 2006 % на 14 лістапада 2007 даход
Беларускі рубель 645.000 13 728.850 83.850
Долар 300$ 7 321$ 21$ (48.492)
Еўра 234EUR 7 250EUR 45EUR (141.532)

P.S Беларускія рублі - уклад “Тэрміновы XXI стагоддзе” пад 13%
Еўра і долары - уклад “Тэрміновы на 380 дзён” пад 7%
% - самыя высокія па дзейных укладах “Беларусбанка”
Курсы на 14.11.2006 і 14.11.2007 – Нацбанк

Фота — bugtraq.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі