Указ Лукашэнкі: Канцэрты — толькі з дазволу ідэолагаў

Пра падрыхтоўку гэтага ўказу Еўрарадыё паведамляла тры месяцы таму.





Як інфармуе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу кіраўніка краіны, цяпер арганізатары канцэртаў павінны будуць атрымаць пасведчанне на права арганізацыі і правядзенні культурна-відовішчнага мерапрыемства. Выдаваць іх будуць упраўленні ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.





На мерапрыемства з удзелам беларускіх выканаўцаў гастрольнае пасведчанне будзе выдавацца бясплатна. На мерапрыемства з удзелам беларускіх і замежных або толькі замежных выканаўцаў гастрольнае пасведчанне выдаецца з выплатай дзяржаўнай пошліны. Грошы пойдуць у спецыяльны фонд прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.





Указам прадугледжваюцца выпадкі вызвалення арганізатараў канцэртаў ад атрымання гастрольнага пасведчання або ад платы за яго.





Нагадаем, гастрольныя пасведчанні адмянілі 1 студзеня 2011 года. Ад гэтага часу ў Беларусі існаваў паведамляльны прынцып арганізацыі мерапрыемстваў. То бок, было дастаткова проста папярэдзіць выканкам, што адбудзецца пэўны канцэрт.





Фота — antrakt.by