Угодкі Слуцкага збройнага чыну адзначыліся затрыманнямі

Акцыямі зацікавіліся супрацоўнікі міліцыі, адзначае БелаПАН. На гарадскім стадыёне Слуцка адбыўся санкцыянаваны мітынг, на які прыйшло некалькі дзясяткаў чалавек. Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, акцыя прайшла без эксцэсаў. Пасля яе завяршэння міліцыя папрасіла Янукевіча і кіраўніка Слуцкай арганізацыі партыі Віталя Амяльковіча прайсці ў аддзяленне і “даць тлумачэнні, як гэта звычайна бывае”.





За некалькі гадзінаў да гэтага ў вёсцы Грозава Копыльскага раёну ў міліцыю забралі актывістаў Алеся Макаева і Іллю Дабратвора. Разам з іншымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі яны ехалі на аўтобусе з Мінска ў Слуцк і па дарозе вырашылі завітаць у месцы, звязаныя з легендарным паўстаннем, каб ушанаваць памяць яго герояў. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да памятнага крыжа ў Грозаве і запалілі свечкі. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі і забралі ў аддзяленне.  





Аўтобус таксама планаваў заехаць у вёску Семежава Копыльскага раёну, але на пад’ездзе да населенага пункта яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Удзельнікам акцыі параілі ехаць адразу ў Слуцк.