УЕФА вырашыць, ці штрафаваць БАТЭ за заўзятара з БЧБ-сцягам, 19 кастрычніка

Аляксандр Вянгерскі на полі "Барысаў-Арэны". Фота: Еўрарадыё

УЕФА (Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый) яшчэ не прыняў рашэнне пра санкцыі супраць барысаўскага БАТЭ за выхад заўзятара на поле падчас матчу Лігі Еўропы з лонданскім "Арсеналам". Беларускаму клубу пагражае штраф у 10 тысяч швейцарскіх франкаў. Дысцыплінарны савет УЕФА разгледзіць сітуацыю і прыме рашэнне аб пакаранні праз два тыдні, 19 кастрычніка:

"Пасля матчу групавога этапу Лігі Еўропы паміж БАТЭ і "Арсеналам" (2-4), які адбыўся 28 верасня ў Беларусі, адкрытае дысцыплінарнае разбіральніцтва. 19 кастрычніка гэты пытанне будзе разгледжана Упраўленнем па кантролі, этыцы і дысцыпліне УЕФА", — адказалі на запыт Еўрарадыё ў дэпартаменце УЕФА па сувязях з прэсай.

Выхад (заўзятара) на футбольнае поле (Field invasion) кваліфікуецца УЕФА як парушэнне артыкула 16 (2) Дысцыплінарнага рэгламенту.

Таксама 19 кастрычніка могуць быць аштрафаваныя сапернікі БАТЭ па групе ў Лізе Еўропы — "Кёльн" і "Црвена Звезда". Падчас матча паміж імі заўзятары палілі фаеры, патрапілі ў падтрыбунныя памяшканні і заблакавалі выхад з поля.

Фота: Reuters

28 верасня падчас матча БАТЭ — "Арсеналам" на полі выбег заўзятар барысаўскага клуба ў світшоце з гербам "Пагоня" і бела-чырвона-белым сцягам у руках. Пазней высветлілася, што хлопца завуць Аляксандр Вянгерскі, ён з Вілейкі. Ён падбег да галкіпера "Арсенала" Давіда Аспіны і паціснуў яму руку, пасля чаго сцюарды вывелі яго з поля.

Калі БАТЭ будзе аштрафаваны, ёсць верагоднасць, што штраф праз суд будзе перакладзены на маладога чалавека. Дарэчы, Аляксандр Вянгерскі ўжо пакараны: за "дробнае хуліганства" і "непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы" ён атрымаў 10 сутак (7+3) адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне вынес суд Барысаўскага раёна.

5 кастрычніка Вянгерскі абвясціў у ізалятары галадоўку.