Удзел у незарэгістраванай арганізацыі застаецца "крыміналам"

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на бліжэйшай сесіі не плануюць разглядаць пытанне пра адмену артыкула Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за удзел у незарэгістраванай арганізацыі. Такі адказ атрымалі ўдзельнікі хэпэнінгу Снягурак і навагодніх зайцаў ад старшыні Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Віктара Гумінскага
Нагадаем, 22 снежня пераапранутыя ў Снягурак і навагодніх зайцаў грамадскія актывісты спрабавалі аднесці ў парламент заяву з патрабаваннем скасаваць артыкул 193.1. На падыходзе да будынку група невядомых у цывільным перашкодзіла ўдзельнікам мерапрыемства. У Дом ураду ўдалося прарвацца адзінай Снягурцы, якая і пакінула заяву для дэпутатаў.

Днямі на імя адной з удзельніц акцыі прыйшоў адказ з Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы. У ім і паведамляецца, што парламент не будзе разглядаць пытанне аб скасаванні артыкула, бо "ніводны з суб'ектаў заканадаўчай ініцыятывы ня ўнёс адпаведны законапраект у парламент".

"Становіцца абсалютна відавочна, што ўсе папярэднія заявы пра адмену 193.1, якія рабіліся чыноўнікамі ў часе разгортвання Ўсходняга партнёрства, толькі блеф перад Захадам, і мы цяпер атрымалі гэтаму пісьмовае пацверджанне", — сказала Алёна Валынец, каардынатарка кампаніі "Стоп 193.1!"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі