У ЗША падрыхтавалі план дзеянняў на выпадак расійскай анексіі Беларусі

У ЗША думаюць, што рабіць, калі Расія захопіць Беларусь

У ЗША думаюць, што рабіць, калі Расія захопіць Беларусь

У ЗША падрыхтавалі план дзеянняў на выпадак, калі Беларусь будзе анексаваная Расіяй цягам бліжэйшых двух гадоў. Распрацоўкай яго займаўся дыпламат і эксперт па Расіі Томас Грэм. Дакумент ён рыхтаваў для Рады па міжнародных дачыненнях (CFR), паведамляе тэлеканал "Белсат".

Аўтар падкрэслівае, што ягоны даклад не з'яўляецца прагнозам і не выказвае афіцыйную пазіцыю ЗША — гэта толькі аналітычныя рэкамендацыі для Вашынгтона.

Грэм мяркуе, што развіццё вайны ва Украіне, нявызначанасць наконт пераемніка Лукашэнкі і магчымае пацяпленне палітычных адносін паміж Мінскам і Вашынгтонам могуць падштурхнуць Маскву да анексіі Беларусі. Адбывацца гэта можа двума шляхамі — праз паступовую інтэграцыю ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы ці праз сілавое паглынанне Беларусі:

"Паўзучая анексія будзе адбывацца праз паступовае размыванне беларускага суверэнітэту: увядзенне расейскага рубля, поўную інтэграцыю спецслужбаў, расійскі кантроль над медыямі і сістэмай адукацыі і ўрэшце фармальнае ўключэнне Беларусі – цалкам або асобных яе абласцей – у склад Расейскай Федэрацыі".

Эксперт рэкамендуе кіраўніцтву Штатаў аднаўляць кантакты з Мінскам асцярожна, каб аслабленнем расійскіх пазіцый не правакаваць Крэмль. Але адначасова, кажа ён, трэба рыхтавацца да магчымай анексіі.

Пры з'яўленні прыкметаў сілавога сцэнару Грэм раіць узмацніць усходні фланг NATO, публічна раскрываць разведданыя і рыхтаваць міжнародны адказ.

Ён адзначае, што Беларусь не здольная ўмацаваць Расію ні эканамічна, ні дэмаграфічна. "Але геаграфія мае значэнне. Беларуская буферная дзяржава дапамагае знізіць рызыку прамога ваеннага сутыкнення не толькі паміж Расеяй і яе суседзямі, але і паміж Расеяй і Злучанымі Штатамі. Яе знікненне будзе мець далёкасяжныя наступствы для ваеннай і стратэгічнай сітуацыі ў Еўропе, расейска-амерыканскіх стасункаў і ўсёй архітэктуры рэгіянальнай бяспекі", — гаворыцца ў дакладзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.