У Вільні прапаноўвалі грошы за здымкі "Чарнобыльскага шляху" — нібыта ад імя медыя
Чарнобыльскі шлях, архіўнае фота / Еўрарадыё
У Вільні невядомыя асобы шукалі людзей, якія здымуць акцыю "Чарнобыльскі шлях". Яны называліся супрацоўнікамі "Ходорковский LIVE" і прапаноўвалі грошы. Пра гэта, як заўважыў БАЖ, паведаміла сама рэдакцыя расійскага СМІ, якая атрымала скрыншоты з тэлеграм-чата ўкраінцаў у Літве.
Акцыя, прысвечаная 40-годдзю катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, прызначаная ў Вільні на 26 красавіка. Як вынікае з перапіскі, карыстальнік пад нікам Neice Ley прапаноўваў прыйсці на мітынг, зрабіць некалькі кадраў і атрымаць за гэта 150 долараў. Аплаціць працу ён абяцаў праз крыптакашалёк.
У рэдакцыі "Ходорковский LIVE" падкрэслілі, што не маюць ніякага дачынення да гэтай рассылкі: "Нашы супрацоўнікі заўсёды працуюць пад сваімі імёнамі і могуць пацвердзіць сваю асобу".
Падобную схему выкрылі беларускія СМІ з акцыяй на Дзень Волі. Тады ўкраінскім студэнтам прапанавалі зрабіць здымкі беларускай акцыі ад імя нібыта расійскага выдання "Новая газета. Европа". Пазней гэтыя здымкі з тварамі ўдзельнікаў акцыі былі паказаныя на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі. Аўтары здымак расказалі, што не ведалі, каму насамрэч перадаюць відэа.