У Віцебску спрабавалі скрасці 5 легкавікоў, у Мінску — 2 грузавікі

У Віцебску выставілі абвінавачанні дваім стрыечным братам, жыхарам Чашнікаў і Віцебскага раёна, якія 11 студзеня спрабавалі скрасці 5 легкавых аўтамабіляў. Маладыя людзі (ім 21 і 25 гадоў), якія былі ў стане алкагольнага ап'янення, разбілі шкло дзвярэй машын, каб патрапіць у салоны. Аднак скрасці машыны яны не змаглі — іх заўважыў мясцовы жыхар, які патэлефанаваў у міліцыю. Зламыснікаў затрымалі байцы АМАПу, распачатая крымінальная справа.

Як інфармуе БЕЛТА, падчас допыту адзін з братоў патлумачыў, што аўтамабіль ім быў патрэбны, каб даехаць да Чашнікаў, дзе яны планавалі працягнуць свой адпачынак. 25-гадовы мужчына застаецца пад вартай, а вось 21-гадовага выпусцілі пад хатні арышт, паколькі ён актыўна садзейнічаў праваахоўнікам падчас папярэдняга следства.

У Мінску міліцыя шукае падазроных у спробе выкрадання двух грузавікоў з тэрыторыі аднаго з заводаў. Здарэнне адбылося ўначы. Супрацоўнік прадпрыемства, які прыйшоў на працу раніцай, убачыў адзін грузавы аўтамабіль не на тым месцы, на якім яго пакінулі вечарам, а другі — перакуленым.

Вартаўнік, які быў на працы ў тую ноч, нічога падазронага не бачыў і не чуў. Сістэмай відэаназірання завод не абсталяваны. На след зламыснікаў пакуль выйсці не ўдалося, інфармуе БелаПАН.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі