У Віцебску пратэстоўцы адбівалі сваіх у сілавікоў, распачата крымінальная справа

Скрыншот з відэа з месца падзей
Скрыншот з відэа з месца падзей

Шостага верасня ў Віцебску на мірнай акцыі пабіліся пратэстоўцы і міліцыя. У бойцы ўдзельнічала больш за сто чалавек.

Бойка пачалася на дарозе, дзе стаялі аўтамабілі сілавікоў, і працягнулася на полі побач:

Сутыкненне пратэстоўцаў з міліцыяй у Віцебску

Паводле версіі міліцыянераў, адзін з мітынгоўцаў распыліў слезацечны газ у іх бок і паспрабаваў схавацца. Але адзін з відавочцаў здарэння расказаў Еўрарадыё, што бойка пачалася, мякка кажучы, не зусім так.

— Міліцыя не змагла спыніць натоўп, які ішоў па вуліцы Праўды. Тады супрацоўнікі пад'ехалі да хваста калоны і вырвалі адтуль некалькі чалавек. Думаю, яны спрабавалі такім спосабам напалохаць людзей, — расказвае Аляксандр. — Хтосьці пабег, але шмат людзей засталося. Некалькі пратэстоўцаў пачалі падыходзіць з краю праезнай часткі, каб даведацца, каго затрымалі і чаму наогул такое здарылася, на што людзі з дубінкамі адрэагавалі негатыўна, сталі хапаць усіх запар і збіваць.

Наколькі я зразумеў, цяпер заведзена крымінальная справа за тое, што хтосьці ўдарыў міліцыянера ў вока. Таго чалавека білі дубінкай, ён проста адмахваўся рукамі, гэта быў міжвольны рух.

В Витебске протестующие отбивали своих у силовиков, начато уголовное дело
В Витебске протестующие отбивали своих у силовиков, начато уголовное дело
Кадры з месца падзей

Пасля таго як пратэстоўцам удалося вярнуць тых, каго спрабавалі забраць міліцыянеры, хваляванні спыніліся, шэсце працягнулася. Але сілавікі не супакоіліся.

— Некалькі чалавек пабегла ў поле, за імі пабеглі сілавікі. Людзі не былі абыякавымі, і ўсе пабеглі ў той бок. Людзей, якіх білі, павалілі на зямлю, спрабавалі схапіць. Іх адбівалі ў супрацоўнікаў. Калі супрацоўнікі перасталі біць людзей і спрабаваць іх забраць, ніхто больш міліцыянераў не чапаў. Мы стаялі побач з імі, і нічога больш не адбывалася, — працягвае Аляксандр.

Пасля гэтага шэсце пад наглядам сілавікоў працягнулася па вуліцы Смаленскай, потым па Маскоўскім праспекце.

— Там вырашылі зрабіць ракіроўку, прайшліся па дварах і выйшлі на праспект Будаўнікоў. Супрацоўнікі ўвесь гэты час вялі нас, але людзі больш не баяліся і ішлі побач з тэхнікай, — дадае суразмоўнік Еўрарадыё. — Яшчэ адну спробу нешта зрабіць міліцыянеры распачалі на вуліцы Чкалава, калі мы ішлі да касцёла. Яны паспрабавалі разбіць строй. Там было вузкае месца, і яны гэтым скарысталіся. Людзі ўсталі ў счэпку, пачакалі моманту і перабеглі на другі бок дарогі.

Паводле афіцыйнай інфармацыі УУС Віцебскага аблвыканкама, 6 верасня за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Віцебску затрымана больш за 10 чалавек. Па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў распачата крымінальная справа.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі